Польшча лічыць Беларусь цалкам залежнай ад Расеі
Польшча прапаноўвала ўладам Беларусі спыніць рэпрэсіі ў абмен на “прастору для палітычнага і эканамічнага манеўру”, але перамовы не прынеслі вынікаў. Калі рэпрэсіі ў краіне будуць працягвацца, Варшава будзе дамагацца пашырэння санкцый супраць рэжыму ў Менску, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў, выступаючы ў Сейме з прамовай.
-

Фота: PAP/Leszek Szymañski
Раў заявіў, што Польшча лічыць Беларусь цалкам залежнай ад Расейскай Федэрацыі.
“Сёння мы лічым Беларусь краінай, цалкам залежнай ад агрэсіўнай Расеі, якая кіруецца пазбаўленым усялякай дэмакратычнай і сацыяльнай легітымнасці рэжымам, які ператварыў радзіму беларусаў у вялікую турму і дае сваю тэрыторыю для правядзення нападу на Украіну”, — лічыць міністр замежных спраў Польшчы.
Паводле міністра, Польшча хоча бачыць Беларусь незалежнай і дэмакратычнай, бо толькі такі сусед можа быць гарантам бяспекі ў тым ліку і самой Польшчы. Месца беларусаў – у агульным еўрапейскім доме, і Польшча будзе дапамагаць СМІ, палітычным уцекачам, студэнтам, і ўсім хто адчувае сябе ў Беларусі ў небяспецы так доўга, як будзе патрэбна. А таксама будзе дамагацца вызвалення палітычных вязняў.
Раў мяркуе, што вяртанне Беларусі ў еўрапейскую арбіту магчымае толькі пасля таго, як у краіне адбудуцца дэмакратычныя змены.
Беларускае Радыё Рацыя