Польшча можа паставіць Украіне знішчальнікі МіГ-29 на працягу бліжэйшых тыдняў



385-ы дзень вайны ва Украіне.  Расейскія войскі спрабуюць акружыць Бахмут з ​​некалькіх напрамкаў і захапіць горад, заявіла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Малар. Яна дадала, што пакуль рана рабіць высновы, паколькі бітва за Бахмут працягваецца.

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў пра тое, што Польшча можа паставіць Украіне знішчальнікі МіГ-29 на працягу бліжэйшых 4-6 тыдняў. Раней пра гатоўнасць перадаць самалёты ўкраінскім сілам заявіў прэзідэнт Анджэй Дуда.

“Калі краіна хоча паставіць знішчальнікі ва Украіну, мы, безумоўна, падтрымліваем гэта, пакуль гэта суверэннае рашэнне гэтай краіны”, — заявіў прэс-сакратар Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі. Такім чынам ён пракаментаваў заявы польскіх уладаў аб перадачы Украіне самалётаў МіГ-29.