Польшча плануе абнародаваць дакументы пра карупцыйны ўплыў РФ на еўрадэпутатаў



Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што неўзабаве яго ўрад абнародуе дакументы пра расейскі ўплыў на еўрадэпутатаў.

Пра гэта Матэвуш Маравецкі паведаміў у інтэрв’ю парталу i.pl.

У снежні грамадскую думку ў ЕЗ ускалыхнуў карупцыйны скандал у Еўрапарламенце. Такія краіны, як Катар і Марока, спрабавалі паўплываць на эканамічныя і палітычныя рашэнні ЕП з дапамогай хабараў, якія давалі людзям, якія займаюць важныя пасады ў Еўрапарламенце.

Былы дэпутат Еўрапарламента, італьянец П’ер Антоніа Панцыры, адзін з ключавых фігурантаў справы аб карупцыі, пайшоў на супрацоўніцтва з бельгійскім правасуддзем у расследаванні ў абмен на змякчэнне прыгавору.

Маравецкі паведаміў, што міністр унутраных спраў пакажа дакументы, звязаныя са справай.

На пытанне, ці гаворка ідзе пра польскіх еўрадэпутатаў, ён адказаў, што інфармацыя тычыцца некалькіх еўрадэпутатаў, „але не з Польшчы”.

Ён дадаў, што вельмі шмат людзей несвядома купляюцца на расейскую прапаганду, як у выпадку з пытаннем аб сэнсе абароны мяжы.

„Беларускі напад на польскую мяжу з-за штучна справакаванай міграцыі быў прэлюдыяй да расейскай агрэсіі супраць Украіны”, – сказаў прэм’ер-міністр.