Пра бочку з порахам
Намеснікі міністраў замежных спраў Беларусі і Расеі абмеркавалі праблемы агульнаеўрапейская бяспекі. І гэта не анекдот. Гэта рэальная інфармацыя адной прадзяржаўнай агенцыі.

Вы толькі ўдумайцеся: намеснікі міністраў замежных спраў Расеі і Беларусі абмеркавалі праблемы агульнаеўрапейскай бяспекі. То бок спачатку развязалі вайну ва Украіне, стварылі міграцыйны крызіс на мяжы, потым заявілі пра размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі. І пасля ўсяго гэтага вырашылі абмеркаваць праблемы агульнаеўрапейскай бяспекі.
Якая можа быць бяспека з цяперашняй палітычнай сітуацыяй у Беларусі і Расеі? Гэта хутчэй не бяспека. А небяспека. Гэта як малпа, якая сядзіць на бочцы з порахам з гранатай у руцэ і ў любы момант можа выцягнуць загваздку. І ў такой сітуацыі абмяркоўваць агульнаеўрапейскую бяспеку намеснікам міністраў замежных спраў – гэта вяршыня цынізму. І абсалютна бессэнсоўны занятак.
З такім жа поспехам могуць абмеркаваць агульнаеўрапейскую бяспеку намеснікі намеснікаў. Альбо начальнікі аддзелаў. Ці проста прыбіральшчыкі. Прычым у апошнім выпадку гэта нават будзе мець большы плён: людзі прынамсі задумаліся пра агульнаеўрапейскую бяспеку. Але навошта абмяркоўваць намеснікам міністраў замежных спраў Беларусі і Расеі пытанне, якое ад іх не залежыць, абсалютна незразумела.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя