Пра палітыку і прыстойнасць
Яшчэ ў канцы 18 стагоддзя незабыўны літаратурны герой французскага драматурга П’ера-Агюстэна Карона дэ Бамаршэ Фігара казаў: «Палітыка – гэта значыць прыкідвацца, што ня ведаеш таго, што вядома ўсім, і што табе вядома тое, чаго ніхто не ведае». І пры тым «Важнасцю мэты апраўдваць нікчэмныя сродкі». Даўно гэта было напісана, але лепш і не скажаш, азіраючыся на апошнія дзесяцігоддзі і спрабуючы іх аналізаваць.
Асэнсоўваючы падзеі найноўшага часу, многія людзі шчыра здзіўляюцца, як такое магло стацца, як магла разгарэцца вайна, калі ўсё, здавалася б, адбывалася неяк больш-менш спакойна, быў уладкаваны быт і ў свеце яшчэ нядаўна не пахла глабальнай катастрофай. А між тым усё мае сваю няўмольную логіку, паслядоўнасць і наступствы. І многія рэчы былі відавочныя ад пачатку, а ў працэссе іх развіцця яшчэ яскравей выяўляліся. Толькі бальшыня моцных гэтага свету лічылі за лепшае якраз прыкідвацца, прыдурвацца і ліць плынь фальшывых словаў. Пры тым афармляючы свае палітычныя і эканамічныя гешэфты.
Вайна, якую вёў ад пачатку і вядзе пуцінскі рэжым, не толькі вынік імперскай адвечнай прыроды маскоўскай дзяржавы. Гэта і вынік не ў меншай ступені ганебнай палітыкі заходняга свету, які замест таго, каб бараніць дэмакратычныя каштоўнасці і прынцыпы, стварыў крывадушны ўклад супрацы з таталітарнымі дзяржавамі – найперш Расеяй і Кітаем. Тое, што ў сучаснай тэрміналогіі называецца рэал-палітык. Наўпрост кажучы – «Пуцін» – гэта твар заходняй палітыкі ў люстэрку. Пуцін як гістарычная фігура – гэта з’ява непасрэдна вырашчаная Захадам. Пасля распаду савецкага саюзу Захад перадаў ядравую зброю Маскве, аддаў ёў у рукі многія «ключыкі» і тым самым паставіў у залежнасць ад яе бальшыню былых савецкіх рэспублік.
І калі пуцінскі рэжым руйнаваў сталіцу Ічкерыі Грозны, і калі вёў інтэрвенцыю супраць Грузіі, і калі захопліваў Крым, і калі фактычна акупаваў Беларусь, Заходні свет выказваў заклапочанасць і падобна іншаму літаратурнаму герою заклікаў: «Пацярпіце, можа неяк абыдзецца». І паралельна ўключаў працэсы кшталту абамаўскай перазагрузкі, меркелеўска-аляндскіх псеўдамірных перамоваў і таму падобнае. А міжнародныя абавязацельствы кшталту Будапешцкага мемарандуму, якія гарантавалі суверэннасць Беларусі і Украіны, займелі вартасць не большую, чым газета з кіёску ці туалетная папера.
Так што пры такой палітыцы крыху прыхаваная экспансія ў Беларусь і адкрытая інтэрвенцыя ва Украіну пуцінскай Расеі былі проста непазбежнымі. Зараз Захад крыху схамянуўся, але толькі крыху. Усё выглядае на тое, што ні цяперашняя адміністрацыя ЗША, ні Еўраўзвяз не хочуць скарэйшага разгрому агрэсараў. Пастаўкі зброі ўкраінскаму ўраду замаруджаваюцца, ізноў «заведзена пласцінка» пра хутчэйшы пачатак нібыта мірных перамоваў.
Гістарычная віна Захаду у тым, што адбываецца, несумненная. Былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан ужо нават прызнаў свае памылкі. Успомнім і як іншы прэзідэнт Джордж Буш-малодшы запрашаў Пуціна на свой дзень нараджэння жа сябе на ранча, куды многія палітыкі і не маглі трапіць, як убачыў у яго вачах «душу», як Пуціна прымалі ў «вялікую сямёрку» і многае іншае. Пра брусельска-нямецка-французскую палітыку, якая «падсадзіла» амаль усю Еўропу на расейскія энерганосьбіты і згадваць агідна. Цяпер вось толькі некаторыя схамянуліся. Аднак гэтага мала, за словамі патрэбныя істотныя змены ў палітыцы і рэальныя справы. Бо за такія нібыта «памылкі» кроўю заплацілі Украіна, Грузія, Малдова, Беларусь, многія краіны Азіі і Афрыкі. І шмат хто яшчэ можа заплаціць. Зараз Украіна змагаецца за бяспеку якраз Захаду і ён павінен прыкласці ўсе намаганні для таго, каб маскоўскі агрэсар быў спынены і разгромлены. Іначай вайна расцягнецца на дзесяцігоддзе.
Згаданаму на пачатку французскаму пісьменніку-класіку належыць і такая фраза: «Палітыка – мастацтва ствараць факты, жартуючы падпарадкоўваць сабе падзеі і людзей. Выгада – яе мэта, інтрыга – сродак… Перамагчы яе можа толькі прыстойнасць». Прыстойнасці і сумленнасці ў гэтам свеце засталося зусім мала, але менавіта на іх асноўная надзея чалавецтва.
Уладзімір Хільмановіч, газета „Ніва”, №17, 2023 г.