Пра вельмі кепскую кампанію
Падзея, якая ўвойдзе ў гісторыю, – каранацыя Чарльза ІІІ. І на яе не былі запрошаныя афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі. Падзея, якая не ўвойдзе ў гісторыю і на якую забудуцца як на страшэнны сон, – прапагандысцкі парад у Маскве на 9 траўня з нагоды 78-й гадавіны Дня Перамогі. І туды акурат паехаў саміведаецехто. Лепей пабываць адзін раз на каранацыі ў Велікабрытаніі, чым дзясяткі разоў на Парадзе ў Маскве.

На каранацыю Чарльза ІІІ у Вэстмінтэрскае Абацтва з’ехаліся многія кіраўнікі і прадстаўнікі дзяржаваў. Усяго прысутнічала прыкладна 450 высокапастаўленых асобаў. Не запрасілі толькі прадстаўнікоў з Расеі, Беларусі, Сірыі, Афганістана, Венесуэлы і М’янмы. Нават з Паўночнай Карэі і Нікарагуа запрасілі паслоў. А з Беларусі не. Аказацца ў выніку кіравання ў кампаніі Сірыі, Афганістана, Венесуэлы, Расеі і М’яны – гэта горш ужо няма куды. У Сірыі не суцяшаецца грамадзянская вайна. Расея – краіна-агрэсар, якая напала на Украіну. У Афганістане правоў чалавека няма ад слова зусім. Цяперашні кіраўнік Венесуэлы, які да гэтага быў кіроўцам аўтобусу без адукацыі, учапіўся за ўладу і не аддае ўжо 10 год, нягледзячы на масавыя акцыі пратэсту. У М’янме вайскоўцы мірных жыхароў забіваюць. Вось такая кампанія дыктатараў, у якую патрапіла, на жаль, і Беларусь.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя