Працэс уступлення Швецыі ў НАТА запавольваецца
Новае турэцка-шведскае абвастрэнне ў дыпламатычных зносінах зноў запаволіла працэс уступлення Швецыі ў Паўночна-Атлантычны альянс. Падзеі апошніх тыдняў прымусілі часова прыпыніць працэс набыцця Швецыяй паўнапраўнага сяброўства ў NATO, заявіў міністр замежных спраў Швецыі Тобіас Більстрэм у інтэрв’ю мясцовым СМІ. Ён дадаў, што афіцыйны Стакгольм працягвае спробы зрушыць працэс з мёртвага пункту.
Па словах міністра, яго ведамства прыклала шмат намаганняў, каб змякчыць абурэнне, выкліканае пратэстам у Стакгольме, і чакае, што антышведскія настроі зменяцца. На мінулым тыдні пратэстоўцы ў Стакгольме спалілі Каран перад амбасадай Турцыі. Гэта выклікала абурэнне прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана, які заявіў, што не пагодзіцца на ўступленне Швецыі ў NATO пры цяперашніх умовах. На люты планавалася сустрэча прадстаўнікоў Турцыі з прадстаўнікамі Швецыі і Фінляндыі, якая мела вырашыць апошнія пытанні ў справе ўступлення ў NATO, аднак цяпер яе перанеслі.
Беларускае Радыё Рацыя