Украіна здабудзе перамогу, верыць Анджэй Дуда (абноўлена)



181-ы дзень вайны. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыехаў у Кіеў, дзе сустрэўся з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. На сумеснай прэс-канферэнцыі Дуда заявіў, што ўкраінскі народ і ўлада могуць разлічваць на Польшчу і палякаў. І так будзе „да апошняга дня барацьбы”. 

Фота: president.gov.ua

„Я веру ў гэта глыбока, што Украіна не толькі абароніць сябе, але я веру, што Украіна атрымае перамогу. Што верне сабе ўсе цяпер акупаваныя Расеяй тэрыторыі. Што Украіна адбудуецца дзякуючы польскай падтрымцы, а таксама падтрымцы ўсіх сумленных дзяржаў і народаў Заходняй Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі, і іншых дэмакратычных дзяржаў”. 

ЗША могуць перадаваць Украіне шэраг узбраенняў негалосна. Паводле выдання Politico, высокапастаўлены прадстаўнік Пентагону 19 жніўня прызнаў, што ЗША цягам пэўнага часу пастаўлялі Кіеву супрацьрадыёлакацыйныя ракеты HARM, хоць гэта не было анансавана публічна. У новы пакет вайсковай дапамогі Кіеву, пра які было абвешчана на мінулым тыдні, увайшлі кіраваныя артылерыйскія снарады Excalibur. Пры гэтым у афіцыйнай заяве Пентагону аб узбраеннях, якія пастаўляюцца Украіне, яны не згадваюцца. 

Між тым, міністр моладзі і спорту Украіны Вадзім Гутцайт паведаміў, што расейскія захопнікі забілі 133 украінскіх спартоўцаў. Яны загінулі на полі бою і ад варожых снарадаў. „Мы ніколі вас не забудзем і ніколі не прабачым ворагу”, — адзначыў Гутцайт. Міністр заклікае ўкраінскіх спартоўцаў здабываць перамогі ў тым ліку і дзеля памяці пра загінулых. 

Дадамо, што вайна зруйнавала і шматлікія спартыўныя аб’екты Украіны. Сёння ва Украіне стартаваў футбольны чэмпіянат. У Кіеве згулялі данецкі «Шахцёр» і харкаўскі «Металіст 1925». Гульня скончылася безгалявой нічыёй. Матч прайшоў на НСК «Алімпійскі» без заўзятараў, увогуле ўсе матчы ў мэтах бяспекі будуць праходзіць без гледачоў.

***

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыехаў у Кіеў па запрашэнні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Падчас візіту адбудуцца двухбаковыя перамовы прэзідэнтаў і дэлегацый, якія будуць прысвечаны сітуацыі ва Украіне, падтрымцы Украіны ў ваеннай, эканамічнай і гуманітарных сферах, а таксама пра двухбаковае супрацоўніцтва.

Прэзідэнт Анджэй Дуда таксама возьме ўдзел у II саміце Крымскай платформы, які арганізаваны прэзідэнтам Украіны.

Крымская платформа – гэта форум у якім удзельнічаюць вышэйшыя кіраўнікі дзяржаў і міжнародных арганізацый. Дзейнасць платформы накіравана на аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і спыненне акупацыі Крыма Расейскай Федэрацыяй. Платформа пачала працу 23 жніўня 202й года ў Кіеве пры ўдзеле прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды.

Візіт прэзідэнта Польшча адбываецца напярэдадні Дня незалежнасці Украіны і з’яўляецца пятай сустрэчай прэзідэнтаў Польшчы і Украіны ў гэтым годзе і трэцяй з пачатку вайны. Папярэднія сустрэчы прайшлі 20–21 студзеня ў Польшчы і 23–24 лютага, 13 красавіка і 21–22 траўня ў Кіеве.

prezydent.pl

Array