Прэзідэнт Турэччыны зацвердзіў рашэнне аб уступленні Фінляндыі ў NATO
Прэзідэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган зацвердзіў рашэнне парламента краіны аб ратыфікацыі ўступлення Фінляндыі ў NATO. Такім чынам, ужо ўсе краіны альянсу гатовы прыняць новага чальца, паведамляе svaboda.org.

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг раней заявіў, што Фінляндыя афіцыйна далучыцца да Паўночнаатлянтычнага саюзу ў найбліжэйшыя дні. Міністр замежных спраў Фінляндыі Пека Хаавіста лічыць, што пытанне будзе вырашана не пазней, чым у бліжэйшыя два тыдні.
Паводле ацэнкі Хаавіста, Фінляндыя можа атрымаць афіцыйнае запрашэнне для ўступлення ў NATO на пачатку наступнага тыдня, у панядзелак ці аўторак. Фінальная апрацоўка дакументаў таксама не зойме больш за тыдзень, — сказаў кіраўнік фінскага МЗС інфармацыйнаму агенцтву Yle.
Фінляндыя і Швецыя, якія раней займалі неўтральны статус, вырашылі далучыцца да NATO пасля пачатку ваеннага ўварвання Расеі ва Украіну. Большасць краін альянсу віталі гэтае рашэнне. Супраць выступалі Вугоршчына і Турэччына. Парламент Вугоршчыны ратыфікаваў уступленне Фінляндыі ў NATO 27 сакавіка. Пасля ўхвалення Турэччыны перашкод для далучэння Фінляндыі да NATO больш няма.
У дачыненні да Швецыі Вугоршчына і Турэччына пакуль не вынеслі ўхваляльнага вердыкту.