Прэзідэнтам Славакіі ўпершыню можа стаць жанчына (абноўлена)
Па выніках першага туру прэзідэнцкіх выбараў у Славакіі ўпэўнена лідзіруе адвакат і грамадская дзеячка Зузана Чапутава – за яе прагаласавала 40% выбарцаў, якія прыйшлі на дзяльніцы. У другі тур выйшаў таксама Мараш Шэфчавіч, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі, якога падтрымлівае кіроўная партыя Smer – ён набраў больш 18%.
Другі тур галасавання пройдзе 30 сакавіка.
***
У суботу, 16 сакавіка, грамадзяне Славакіі ў наўпроставых выбарах галасуюць за новага прэзідэнта краіны.
Да ўдзелу ў гэтых прэзідэнцкіх выбарах былі зарэгістраваныя 13 кандыдатаў.
Цяперашні прэзідэнт Славакіі Андрэй Кіска не стаў другі раз выстаўляць сваю кандыдатуру на пасаду.
Паводле апытанняў і прагнозаў найбольшую падтрымку славакаў мае 45-гадовая жанчына, юрыст паводле адукацыі, Зузана Чапутава.
У разе, калі выберуць прэзідэнтам Чапутаву, яна стане першай жанчынай у гісторыі Славакіі на вышэйшай пасадзе гэтай дзяржавы.

Характэрна, што Зузана Чапутава адмоўна ставіцца да цяперашняга палітычнага курсу прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Яго яна называе „пагрозай не толькі для Славакіі, але і для ўсёй Еўропы”.
Асноўныя супернікі Чапутавай – Мараш Шэўчавіч, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі, якога падтрымлівае кіроўная партыя Smer (Кірунак) на чале з яе старшынём, былым прэм’ерам Робертам Фіца, а таксама незалежны кандыдат, суддзя Вышэйшага суду Штэфан Гарабін.
Гарабін выступае супраць сяброўства Славакіі ў Еўразвязе і НАТО і непрыхавана дэманструе прарасейскія погляды, хвалячы Уладзіміра Пуціна.
Афіцыйныя вынікі першага туру выбараў пятага ў гсторыі прэзідэнта Славакіі абвесцяць у нядзелю, 17 сакавіка.
Беларускае Радыё Рацыя