Прызначаны новы часовы павераны ў справах ЕЗ у Беларусі
Брусэль прызначыў часовага паверанага ў справах Еўразвязу ў Беларусі. Ім стане датчанін Стэн Нёрлёў (Steen Nørlov). Пра гэта, 20 красавіка, паведаміў кіраўнік еўразвязаўскай дыпламатыі Жазэп Барэль.

Раней Стэн Нёрлёў узначальваў офіс прадстаўніка Генеральнага сакратара Рады Еўропы па каардынацыі праграм супрацоўніцтва Рады Еўропы ва Украіне. Ён таксама быў намеснікам кіраўніка місіі ў пасольстве Даніі ў Расеі.
Былы кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Дырк Шубэль пакінуў Менск летам 2021 года па патрабаванні беларускіх уладаў. Пасля таго еўрапейскую дыпмісію ў Менску ўзначаліла ягоная памагатая Эвеліна Шульц.
Летась у верасні беларускія сілавікі затрымлівалі дыпламатку на выхадзе з Менскага гарадскога суда на некалькі гадзін і запісалі з ёй відэа. Знешнепалітычнае ведамства ЕЗ-у пасля гэтага інцыдэнту выказала рашучы дыпламатычны пратэст.