Пуцін і Лукашэнка сустрэліся ў Санкт-Пецярбургу (абноўлена)
Ядзерны шантаж можна лічыць галоўнай высновай з сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, лічыць палітолаг Валер Карбалевіч. Паводле яго, усе ўжо амаль прызвычаіліся, што перамовы Лукашэнкі з Пуціным адбываюцца не радзей, чым раз на месяц. Напярэдадні перамоў у Санкт-Пяцербургу расейская авіяцыя ўпершыню з пачатку вайны нанесла ўдар па Украіне ракетамі непасрэдна з тэрыторыі Беларусі.
Нейкага значнага ваеннага сэнсу ў абстрэлу Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласцей не было. Тут хутчэй сэнс палітычны. Выглядае як сродак ціску на Лукашэнку з боку Крамля, спроба канчаткова запэцкаць яго, скампраметаваць. Каб заявы кшталту «Беларусь у вайне не ўдзельнічае» выглядалі недарэчна.
Пуцін на перамовах паабяцаў, што Расея «ў найбліжэйшыя месяцы» перадасць Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр-М», якія могуць быць аснашчаныя ядзернымі боегалоўкамі.
Такім чынам, упершыню Пуцін прыстрашыў Захад размяшчэннем у Беларусі ядзернай зброі. І калі разумець словы двух палітыкаў літаральна, то ў выпадку рэалізацыі гэтай ідэі, Беларусь становіцца ядзернай дзяржавай. Бо, паводле словаў Пуціна, ядзерную зброю атрымаюць менавіта беларускія Узброеныя сілы. І Лукашэнка, паводле Карбалевіча, успрымае гэтыя прапановы з вялікім энтузіязмам, бо даўно марыў пра ядзерную зброю.
* * *
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 25 чэрвеня сустрэліся ў Санкт-Пецярбургу. Па інфармацыі расейскіх СМІ, яны абмеркавалі пытанні абароны, пастаўку калійных угнаенняў на сусветныя рынкі і сітуацыю ў свеце.

Да таго Лукашэнка на катэры пракаціўся ўздоўж месца, дзе будуецца порт для Беларусі. З гэтым праектам звязаны спадзяванні ўрада Беларусі на пераарыентацыю паставак калійных угнаенняў пасля таго, як Літва заблакавала транзіт праз сваю тэрыторыю. Калійная галіна Беларусі паступова апынулася пад санкцыямі пасля выбараў-2020, прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Менску і нагнятання „мігранцкага крызісу” на граніцах з краінамі Еўразвяза. Таксама цяжкасці для „Беларуськалія” ствараюць санкцыі ў фінансавай сферы: банкі не могуць праводзіць плацяжы ў доларах і еўра. Абмяркоўваюцца такія экзатычныя рашэнні, як пастаўкі калійных угнаенняў у Індыю за рупіі.
Фота: Прэс-служба Крамля
Array