Пуцін забараніў расейскаму войску сыходзіць з Херсона
213-ы дзень вайны. Уладзімір Пуцін забараніў расейскаму войску сыходзіць з акупаванага Херсона. Хоць расейскія палявыя камандзіры звярталіся да яго з такой просьбай.

Як піша The New York Times, вывад з Херсона дазволіў бы расейскім вайскоўцам арганізавана адысці праз Днепр, захаваць жыцці салдат і тэхніку. Але такое адступленне было б яшчэ адным зневажальным публічным прызнаннем няўдачы Пуціна ў вайне і прынесла б Украіне другую буйную перамогу за месяц. Херсон быў першым буйным горадам, які акупавалі расейцы падчас поўнамаштабнага ўварвання, і застаецца адзіным абласным цэнтрам пад кантролем Масквы. Паводле інфармацыі афіцыйных прадстаўнікоў ЗША, адмова Пуціна ад адступлення вайскоўцаў з Херсона прывяла да зніжэння баявога духу сярод расейскіх войскаў, якія былі ў асноўным адрэзаныя ад сваіх ліній забеспячэння.
Тым часам Следчая камісія ААН заявіла: расейская армія ўчыняе ваенныя злачынствы ў вялізарным маштабе. Старшыня камісіі Эрыка Мёсэ заявіў, што сярод задакументаваных камісіяй ваенных злачынстваў расейцаў супраць украінцаў — пакаранні смерцю, катаванні, сэксуальны гвалт і злачынствы супраць дзяцей, маштабныя абстрэлы і бамбаванні населеных пунктаў.
Па словах Мёсэ, група ААН пабывала ў 27 населеных пунктах, паразмаўляла з 150 ахвярамі і відавочцамі ды праінспектавала месцы ўтрымання палонных на вызваленых ад акупацыі тэрыторыях. Усяго з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Нацыянальная паліцыя Украіны зарэгістравала больш за 34 тысячы крымінальных спраў па факце ўчынення ваенных злачынстваў.
Прыходзяць паведамленні, што ў Омскай вобласці Расеі мабілізаваныя пабіліся з расгвардзейцамі і паліцыяй. З пасёлка Бальшарэчча адпраўлялі чарговую партыю мабілізаваных. Сілавікі сачылі за гэтым і сілком садзілі ў аўтобусы ўсіх, каму прыйшлі позвы. Абураныя мужчыны ў адказ схапілі некалькіх паліцэйскіх і абвясцілі, што тыя паедуць паміраць у акопы разам з імі, таму завязалася бойка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array