Пётр Рудкоўскі: Пасля вайны спатрэбіцца трыбунал



Прэс-клуб Беларусь, Банк ідэй і BeeHive правялі анлайн-прэзентацыю вынікаў даследавання „Cаюзніца агрэсара. Беларусь у кантэксце вайны ва Украіне. Выклікі і рызыкі”. Асноўныя рэкамендацыі для Беларусі былі наступнымі: выйсце з АДКБ, рыхтавацца да дыялогу з грамадствам наконт мэтазгоднасці Саюзнай дзяржавы з Расеяй, ніякіх замежных ваенных базаў у краіне і бяз’ядзерны статус Беларусі.

Вольга Сямашка пагутарыла з суаўтарам даследавання, акадэмічным дырэктарам аналітычнага цэнтру BISS Пятром Рудкоўскім пра тое, ці сапраўды Беларусь здольная адмовіцца ад АДКБ і Саюза з Расеяй, наколькі краіна гатова да ўступлення ў NATO, ці чакаць наступу з Беларусі на Украіну і ці паўплываў ядзерны статус Беларусі на тое, што Лукашэнка ў пошуках абыходу санкцый наведаў Іран, вядомы акурат праграмай здабычы ўрану:

РР: Па якой прычыне даклад узнік менавіта цяпер?

– Гэта спосаб прыцягнення ўвагі да аналізу. Аналіз быў прысвечаны выклікам, рызыкай звязанай з уцягваннем Беларусі ў гэты канфлікт. Тое, што яна з’яўляецца саюзніцай агрэсара – гэта відавочна. Крэмль, Расея з’яўляецца агрэсарам у межах „Саюзнай дзяржавы” і па факце, з увагі на інфраструктурна-тэрытарыяльную падтрымку, часткова мілітарную падтрымку, хоць і без адпраўкі войск. Ад імя рэжыму Беларусь функцыянуе, як саюзніца.

РР: Прысутнічалі беларускія эксперты. Ці былі запрошаныя ўкраінскія эксперты?

– На гэтым этапе не паступала водгукаў з украінскага боку. Сама прэзентацыя адбылася ў такім фармаце, якім адбылася.

РР: Прагучала, што можа быць сумесны трыбунал. Ці гэта сапраўды магчыма?

Думаю, што такія шанцы ёсць і гэта пажадана зрабіць. Экспертамі аналізаваўся міжнародна-прававы аспект гэтай справы з увагі на тое, што там ёсць шмат такіх далікатных, тонкіх юрыдычных момантаў. Я б не наважыўся ўваходзіць у гэтую сферу.

РР: Але трыбунал можа быць?

– Я думаю, што гэта магчыма.

РР: Ці памянялі вы сваё меркаванне, што Беларусь павінна выйсці з АДКБ?

У нас сфармуляваныя рэкамендацыі на перспектыву. Канешне ў дадзенай сітуацыі ўсе разумеюць, што гэта немагчыма. Мы, як грамадзянская супольнасць або дэмакратычны рух, або альтэрнатыўныя структуры, не маем на гэта ўплыву. Цяперашні ўплыў мізэрны. Рэжым канешне на гэта не пойдзе. На перспектыву тое, што рэкамендацыі сфармуляваныя, з тым разлікам, што абставіны могуць змяніцца, так у гісторыі бывае нярэдка, што яны змяняюцца часам вельмі нечакана. На перспектыву так, гэта пытанне трэба ўзняць, наконт мэтазгоднасці ў АДКБ. Трэба рыхтавацца да выйсця з АДКБ. Сыходзячы з таго, што будучая дактрына бяспекі Беларусі наўрад ці будзе прадугледжваць, напрыклад, фармуляванне пагроз з боку Польшчы і Літвы ці каго-кольвек з суседзяў. Найбольшай крыніцай пагроз можа быць Расея. Таксама і ў Расеі могуць адбыцца перамены. Але калі існуе нейкая пагроза для незалежнасці Беларусі, то хутчэй ад Расеі, а не ад усіх астатніх акаляючых краін. Паколькі ў АДКБ Расея грае вядучую ролю, сама структура стваралася пад геапалітычныя амбіцыі Расеі, то мы лічым, што гэта з’яўляецца немэтазгодным на перспектыву. Існуе верагоднасць, што арганізацыя сама па сабе распадзецца. Яна больш кволая, чым „Варшаўская дамова”. Калі сыходзіць з таго, што выконвае нейкую ці будзе выконваць нейкую рэальную функцыю, то гэта пытанне ці беларусам патрэбна гэта функцыя. То бок функцыя абароны ад акаляючага свету, ад Захаду ці ад Украіны.

РР: Ці зможа Беларусь стаць самастойнай адзінкай або варта ўсё ж увайсці ў NATO?

Пытанне наконт уваходу ўваходу ў NATO я б адклаў на значна пазнейшы перыяд, не на перыяд перамен. Хоць канешне трэба будзе ўлічваць абставіны і сітуацыю, але па прычыне радыкальнай не гатоўнасці беларускага грамадства да такой перспектывы, бо такой вострай неабходнасці і няма, з увагі на нерэальнасць уступлення ў NATO у бліжэйшай перспектыве. Гэта пытанне нават на той умоўны перыяд перамен ці дэмакратызацыі пакуль я не ў стане сфармуляваць такога пастулату.

З „Госцем Рацыі” – суаўтарам даследавання „Cаюзніца агрэсара. Беларусь у кантэксце вайны ва Украіне. Выклікі і рызыкі”, акадэмічным дырэктарам аналітычнага цэнтру BISS Пятром Рудкоўскім размаўляла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя