Рада БНР узнагародзіла медалямі вязняў і загінулых
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае пра чарговыя ўзнагароджанні Медалём Ордэну Пагоні.

Старшыня Рады БНР падпісала дэкрэт пра ўзнагароджанні наступных асобаў:
Кацярына Андрэева (Бахвалава)
Мікалай Аўтуховіч
Уладзімер Гундар
Дзяніс Івашын
Уладзімір Лабковіч
Дар’я Лосік
Ігар Лосік
Эдуард Пальчыс
Валянцін Стэфановіч
Дар’я Чульцова
Паліна Шарэнда-Панасюк
Пасмяротныя ўзнагароджанні:
Аляксей Аўдзеенка
Андрэй Зэльцэр
Эдуард Лобаў
Алег Панамароў
Міхась Шавельскі
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла пракаментавала ўзнагароджанні:
„Сёння мы ўжо ў другі раз абвяшчаем пра ўручэнне Медаля Ордэну Пагоні, асноўнай узнагароды Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні. Мы зноў хочам адзначыць тых беларусаў, хто ў цяперашні складаны час плаціць найвышэйшую цану за свабоду і незалежнасць нашае Бацькаўшчыны.
Перадусім гэта героі, якія ахвяравалі сваім жыццём у збройнай барацьбе супраць ворагаў свабоды і незалежнасці Беларусі. Іхныя імёны ўвойдуць у гісторыю нашага народу, і ўсе мы павінны працягнуць іхную барацьбу.
Таксама гэтым разам Рада БНР адзначае і некалькі нашых суродзічаў, хто паказаў і працягвае паказваць сваю непахіснасць перад чужынскім дыктатарскім рэжымам, сваю чалавечую і грамадзянскую годнасць у турме. Амаль усе гэтыя людзі дагэтуль незаконна ўтрымліваюцца ў палоне за сваю актыўную грамадскую або журналісцкую дзейнасць. Мы як найхутчэй чакаем іх на свабодзе і патрабуем неадкладнага вызвалення іх і ўсіх беларускіх палітычных вязняў, каго налічваецца больш як паўтары тысячы.”
Медаль Ордэну Пагоні быў заснаваны ў 2022 годзе для адзначэння грамадзянскіх, ваенных, культурніцкіх і іншых заслугаў перад Беларуссю. Першае ўзнагароджанне адбылося з нагоды Дня Слуцкага збройнага чыну ў лістападзе 2022 года.