Расейская ракета С-300 разбурыла музей на Харкаўшчыне, ёсць ахвяры
Расейская ракета С-300 разбурыла музей на Харкаўшчыне, ёсць ахвяры. Ракета трапіла ў краязнаўчы музей. Кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак паведаміў пра ўдары расейскіх войскаў па горадзе Купянск у Харкаўскай вобласці. Па ягоных дадзеных, удар быў нанесены ракетамі С-300. „Трапілі ў музей. Пад заваламі ёсць людзі”, — дадаў Ярмак.

Са зводкі ўкраінскага Генеральнага штаба на раніцу аўторка вынікае, што на самым паўночным участку фронту захоўваецца новая сітуацыя, якая ўзнікла ў апошнія дні: расейцы спынілі спробы наступаць у кірунку Купянска і Лімана.
У зводцы гаворыцца, што на купянскім кірунку расейскае войска „працягвае мерапрыемствы па фартыфікацыйным уладкаванні пазіцый на асобных участках”; не было спробаў наступу і крыху на поўдзень, на ліманскім кірунку.
„Асноўныя намаганні вораг па-ранейшаму засяроджвае на вядзенні наступальных дзеянняў на бахмуцкім, аўдзееўскім і мар’інскім кірунках”, — піша ўкраінскі генштаб.
Ні пра якія прасоўванні расейцаў ні на адным з трох гэтых участкаў генштаб не паведамляе.
Неафіцыйныя тэлеграм-каналы з абодвух бакоў у панядзелак, як і ў папярэднія дні, пісалі аб невялікім прасоўванні штурмавых груп групоўкі „Вагнер” у розных месцах заходняй частцы Бахмута.