РФ зноў ужыла іранскія дроны
У сваёй чарговай зводцы Генеральны штаб УСУ заявіў, што за мінулыя суткі ўкраінскія вайскоўцы „збілі 14 ударных дронаў тыпу „Shahed-136”. Такім чынам пацверджана, што Украіна ўпершыню за некалькі тыдняў зноў падверглася ўдару беспілотнікаў-камікадзэ іранскай вытворчасці.

Гэтым ранкам кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка паведаміў, што сілы СПА збілі „усе восем варожых беспілотнікаў, якія вораг накіраваў на вобласць”. Па яго словах, «папярэдне, гэта былі „Shahed-136”. Паведамлялася пра напад дронаў і ў іншых рэгіёнах краіны. Тым часам, Украіна і Расея абмяняліся палоннымі ў фармаце „60 на 60”.
Кіраўнік офісу ўкраінскага прэзідэнта Андрэй Ярмак паведаміў, што Расея выдала 15 афіцэраў і 45 шарагоўцаў і сяржантаў. Сярод іх 34 удзельнікі абароны Марыупалю, у тым ліку 14 абаронцаў „Азоўсталі”. Міністэрства абароны Расеі пацвердзіла, што дадому вярнуліся 60 расейскіх вайскоўцаў.
У той жа час на тэрыторыі Беларусі 7 і 8 снежня правядуць праверку сістэмы рэагавання на акты тэрарызму. Пра гэта піша дзяржаўнае агенцтва БелТА. У гэтыя дні перакрыюць некаторыя дарогі, таксама будзе праводзіцца перасоўванне вайсковай тэхнікі. Плануецца „ужыванне імітацыйных сродкаў паражэння ў навучальных мэтах”.
Дзяржаўны сакратарыят Рады бяспекі выбачыўся за магчымыя нязручнасці, але не ўдакладніў пры гэтым, дзе будзе праводзіцца праверка, якія дарогі перакрыюць і дзе ўжывуць імітацыйныя сродкі паражэння.
Array