Роберт Тышкевіч: Закрыццё памежнага пераходу ў “Баброўніках” – вынік прысуду Анджэю Пачобуту
З заўтрашняга дня закрываецца памежны пункт пропуску “Баброўнікі” на мяжы з Беларуссю. Гэта як водгук Польшчы на прысуд Анджэю Пачобуту, ці як гаворыцца ў афіцыйным паведамленні – вынік пагрозы для Польшчы?
Абмяркуем гэта з „Госцем Рацыі” – Робертам Тышкевічам – старшынём камісіі Сейма па сувязях з палякамі за мяжой.
Роберт Тышкевіч: Я думаю, што абсалютна ясна, што закрыццё памежнага пераходу – гэта вынік учарашняга прысуду псеўдасуда ў Гародні Анджэю Пачобуту. І гэта рэакцыя польскага грамадства на дзеянні рэжыму ў Менску, які паказвае, што прысуд Анджэю Пачобуту зменіць нашыя ранейшыя стасункі і яны не будуць такімі, як раней. Як вынік – рашэнне аб закрыцці мяжы.
РР: Ведаем, што вы шчыльна сачылі за ходам суда над Анджэем Пачобутам. Ці былі спадзяванні на больш мяккі прысуд?
Роберт Тышкевіч: Увесь працэс над Анджэем Пачобутам адбываўся ў закрытым рэжыме, у рэжыме тайным, які сведчыць пра тое, што рэжым Лукашэнкі прайграў Анджэю Пачобуту і Саюзу палякаў на Беларусі. Бо хацеў лідара нашай меншасці на Беларусі зламаць, але ў яго гэта не атрымалася. І ў выніку рэжым змушаны быў Анджэя засудзіць.
РР: Маем дакумент ад 8-га лютага, дзе Камітэт па сувязях з палякамі за мяжой дамагаецца пакараць персанальнымі санкцыямі ўсіх, хто прымае ўдзел у пераследзе і Анджэя Пачобута, і ўсіх палякаў на Беларусі.
Роберт Тышкевіч: Маю вялікае задавальненне, што ўчора прынятая ў сувязі з прысудам Пачобуту рэзалюцыя Камітэта па сувязях з палякамі за мяжой была прынятая вечарам Сеймам як рэзалюцыя ўсяго Парламента. І была прынятая адзінагалосна. І вынікам гэтага ёсць сённяшні камунікат Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі пра пачатак працэдуры надання персанальных санкцый супраць асоб, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях супраць Анджэя Пачобута, польскай нацыянальнай меншасці, а таксама супраць беларускай грамадскай супольнасці. Рэпрэсіўны апарат мусіць персанальна адчуць, што Еўразвяз для такіх людзей закрыты. Калі хочуць зрабіць з Беларусі канцэнтрацыйны лагер, то мусяць ведаць, што яны самі застануцца ў гэтым лагеры. Маю задавальненне, што дзякуючы нашай ініцыятыве па ўхвале Сейму сёння Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі пачало працэдуру падрыхтоўкі персанальных санкцый супраць асоб, якія прымаюць ўдзел у рэпрэсіях у Беларусі. Мы выступалі за гэта шмат разоў, і зараз гэта стала магчымым. Лічу, што гэты інструмент персанальных санкцый вельмі важны.
РР: Досвед апошніх месяцаў паказвае, што Еўразвяз даволі асцярожна ставіцца да санкцый у адносінах да Беларусі. Размяжоўваецца Беларусь і Расея. Ці ёсць шанец, што ЕЗ паспрыяе і паставіцца прыхільна да вашай прапановы?
Роберт Тышкевіч: Ёсць такі шанец, але ён вымагае актыўнасці ад Польшчы. Мы мусім паказваць прыклад. Польшча мае такі інструмент як нацыянальная санкцыя. І я лічу, што мы мусім выкарыстоўваць нашыя нацыянальныя санкцыі, а пазней настойваць на тым, каб яны былі падтрыманы ўсім Еўразвязам. Пакуль Польшча не выканае ў гэтым кірунку ўласных крокаў, складана лічыць, што іншыя краіны, якія не суседнічаюць з Беларуссю, і не так заангажаваныя ў пытаннях абароны дэмакратыі і ў кантэкст усходняй палітыкі, будуць у гэтай справе першымі. Гэта зрабіць мусім мы. Я перакананы, што прысуд Анджэю Пачобуту і колькасць палітычных вязняў у Беларусі, якая ўвесь час расце, праб’ецца да свядомасці ЕЗ. І санкцыі, якія прыме Польшча, будуць падтрыманыя краінамі ЕЗ.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Array
