Сейм Літвы зноў разглядаў закон аб абмежаваннях для грамадзян Беларусі і Расеі
Сейм Літвы другі раз будзе разглядаць закон аб абмежаваннях для грамадзян Беларусі і Расеі пасля вета, накладзенага прэзідэнтам краіны Гітанасам Наўседай.

Літоўскі парламент зацвердзіў варыянт закону, у якім абмежаванні для беларусаў выглядаюць менш жорсткімі, чым для расейцаў. Прэзідэнт Гітанас Наўседа наклаў на такі варыянт вета, патлумачыўшы сваё рашэнне перакананнем, што санкцыі павінны быць аднолькавымі і для расейцаў, і для беларусаў.
Аднак вета прэзідэнта яшчэ не значыць, што закон у больш мяккім варыянце не будзе прыняты. Калі супраць вета прагаласуе большасць Сейму, то яно будзе пераадоленае.
Галасаваць супраць вета заклікаў міністр замежных справаў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс. Ён казаў пра важнасць адрозніваць расейцаў і беларусаў і неабходнасць па-рознаму да іх ставіцца.