Сяргей Бульба: Расея не супакоіцца



У вайне Расеі супраць Украіны пачаўся этап зацяжнога канфлікту – кажа наш сённяшні госць, прафесійны вайсковец.

Пра гэта, а таксама пра ролю беларусаў і Беларусі ў гэтай вайне, з „Госцем Рацыі” беларускі вайсковец, заснавальнік „Белага легіёну”, кіраўнік грамадскай арганізацыі „Беларусь 2.0. Робім разам” Сяргей Бульба.

РР: Што адбываецца ва Украіне?

– Я прыхільнік таго, што лепш мець рэальную карціну, чым перабываць у ілюзіі. Сапраўды Расея разлічвала тым першым складам, якім яны заходзілі ў лютым месяцы, яны сапраўды мелі такіх інфарматараў, якія ім дакладалі, што ўсё, тут уладу ўкраінцы не любяць, яны з радасцю ўспрымуць, ледзь не з кветкамі будуць сустракаць. Першыя, якія ехалі, яны з сабой везлі парадную форму, яны ўсур’ёз спадзяваліся, што праз тры дні яны будуць маршыраваць па Хрышчаціку парадам. Для іх, канешне, быў шок і здзіўленне, што ўсё пайшло абсалютна не так, ніхто не рады быў іх бачыць. Ёсць вялікая розніца: калі беларусы не любяць уладу і калі ўкраінцы клянуць сваю ўладу. Напэўна ва Украіне будуць клясці любую ўладу, але ж пры гэтым трэба разумець, што яны самі яе выбіралі. Закрану такое глыбіннае непаразуменне на сённяшні дзень паміж беларусамі і ўкраінцамі, гэта тое, што ўкраінцы сапраўды разумеюць, што дзяржава – гэта яны. То бок, яны самі яе выбіралі, яна ім можа не падабацца, яны заўсёды будуць гаварыць нешта кепскае. Нельга ўладу хваліць быццам бы, але ж пры гэтым яны разумеюць, што яны ўдзельнікі працэсу, што менавіта яны і ёсць гэтая дзяржава.

РР: Калі не будзе падабацца ўлада, яны проста памяняюць яе на іншую?

– Так, але ж пры гэтым, на што разлічвалі „русакі”, што, маўляў, яны не любяць Зяленскага. Але ж украінцы разумеюць, што яны і ёсць гэтая дзяржава, яны абсалютна не зважаючы на ўладу самі бароняць сваю краіну ў першую чаргу. Нядаўна гучалі абсалютна разумныя словы ад сакратара РНБА, які сказаў: „Мы не можам спыніцца, бо народ сам будзе далей ваяваць без нас”. У гэтым вялікая розніца паміж сённяшнімі ўкраінцамі і сённяшнімі беларусамі.

РР: Ці гэтага дастаткова на сённяшні дзень?

– Гэтага, на жаль, недастаткова. Трэба разумець, што Расея ўсё ж такі мае вялізныя, значна большы патэнцыял, чым Украіна. Напэўна гэтага недастаткова, бо Расея за кошт той жа нафты і газу, за кошт гэтага продажу, вы ж бачыце наколькі цэны падняліся за апошнія гады, колькі Расея зарабіла грошаў. Але ж Расея не выдаткоўвала гэтых гроша не на адукацыю, не на медыцыну. Расея ўсё траціла ці на подкуп еўрапейскіх чыноўнікаў, ці проста на пераабсталяванне зброі. Гэта нам яшчэ пашанцавала, што яны несумленныя людзі і большасць грошаў проста раскралі, што і паказвае „другая армія свету”, якая ідзе на старых танках. Я не здзіўлюся, калі хутка ім прыйдзецца Т-34 адкуль небудзь выцягваць.

РР: Мы на этапе зацяжной вайны?

– Так, мы на этапе зацяжной вайны. Расея зрабіла высновы з першага этапу, яны зразумелі, што трэба перагледзець сваю тактыку. Пуцін паздымаў цэлую кучу кіруючых генералаў. З’явілася нейкая асэнсаванасць у іх дзеяннях, бо спачатку яны проста перлі навалай і не вельмі турбаваліся нават пра тылавое забеспячэнне, пра ўсё астатняе, бо яны ішлі „праз тры дні на парад”. Зараз абсалютна іншы этап вайны, зараз і ўкраінцы ўжо мусяць арганізоўваць нейкія свае пазіцыі, а гэта вядзе да вельмі вялікіх страт людзей і тэхнікі. Калі раней было так, што Украіна дзейнічала ў першую чаргу мабільнымі групамі, у першую чаргу – гэта аэравыведка, якая здымала інфармацыю. Тут жа перадавалі інфармацыю на, як яны гавораць на „аркестр” – артылерыю. Артылерыя ўжо адпрацоўвала той ці іншы квадрат. Зараз такой сітуацыі няма, зараз „русакі” займаюць нейкі горад, потым запускаюць туды якіх-небудзь абсалютна непадрыхтаваных ЛНРаўцаў з ДНРаўцамі. Іх украінцы выбіваюць, як быццам для сваіх пераможных рэляцый, што адбілі там нейкі горад. Расейцы гэта скарыстоўваюць як „мяшок”, яны за гэты час вакол засяроджваюць арду. Як толькі ўкраінцы заходзяць у гэты гарадок, яны проста планамерна вынішчаюць усіх разам з мясцовымі жыхарамі. Такое ўражанне, што ім непатрэбна ні інфраструктура, ні гарады, нічога.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя

Array