Сяргей Высоцкі: Беларусы сам-насам з Пуціным
Краіна Беларусь існуе, але чарговыя выпрабаванні на шляху яе існавання ствараюцца маскоўскім рэжымам, які ажыццяўляе бясконцую моўную, інфармацыйную акупацыю Беларусаў. Што трэба Пуціну ад Лукашэнкі, які ездзіць да яго ледзь не кожны месяц.

„Госць Рацыі” палітычны эксперт Сяргей Высоцкі.
– Люблю беларускія прыказкі. Ёсць такая “Чорт бяду перабудзе – адна згіне, дзесяць будзе”. Беларусы за апошнія гады настолькі прывучаныя да негатыўных навін, да стрэсу, столькі адбылося ўсяго. Гэтыя ўсе навіны прымаюцца стомлена – вайна ідзе, санкцыі доўжацца і павялічваюцца. Шмат самых розных негатыўных навін. Тым не менш жыццё доўжыцца, людзі жывуць, неяк уладкоўваюць сваё жыццё, нараджаюць дзяцей, думаюць, як ісці наперад, як будаваць сваю Бацькаўшчыну, як яе бараніць, вяртаць ёй незалежнасць у поўнай меры. Цяпер Беларусь не з’яўляецца цалкам незалежнай дзяржавай, незалежнасць Беларусі абмежаваная. На жаль, словы пра тое, што Беларусь з’яўляецца часткова акупаванай дзяржавай, актуальныя, і мы гэта з вамі бачым. Як па мне, то найбольш зараз гэта бачна ў медыя – у беларускіх афіцыйных медыя. У афіцыйных медыях тэрор у адносінах да беларусаў доўжыцца. Фактычна ў беларускае дзяржаўнае тэлебачанне ўключаюцца расейскія каналы. Вярзуць усё, што заўгодна, зневажаюць нашых суседзяў. Закідваюць самыя гнюсныя імперскія, саўдэпаўскія міфы. Поўная адсутнасць нацыянальнай гісторыі, нацыянальнай культуры. Павыціскалі фактычна цалкам беларускую мову, стала горш нават у параўнанні з тым, што было. Як гэта назваць іначай, чым інфармацыйная акупацыя. Гэта тое, што дапусціла цяперашняя ўлада. Гучыць адыёзная “азаронкаўшчына”. Калі ў 2020 годзе адбыўся надлом і Лукашэнка так нізка прасеў перад Пуціным, то сюды прыехалі гэтыя спецы ГРУ, СВР, ФСБ Расеі, яны замянілі беларускіх спецоў. Многія паз’язджалі, некаторыя засталіся. Самае жахлівае, што беларусы сам-насам з Пуціным, сам-насам з расейскай імперскай машынай, расейскай прапагандай, расейскімі спецслужбамі. Якія тут знаходзяцца, якія не заўжды бачныя, якія ў сілавых структурах, у Радзе бяспекі, гэта лобі ёсць паўсюль. Гэта тая жахлівая сітуацыя, у якой мы з вамі знаходзімся. На гэтым фоне Пуцін мусіў прыехаць, але не прыехаў.
Беларускае Радыё Рацыя