Правакацыі Крамля з мэтай, каб уцягнуць Беларусь у вайну ва Украіне
Як сцвярджае Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны, масаваны ракетны ўдар па ўкраінскіх гарадах з тэрыторыі Беларусі здзейснілі расейскія далёкія звышгукавыя ракетаносцы-бамбардзіроўшчыкі Ту-22М3.
Шэсць самалётаў падняліся з авіябазы ў Калужскай вобласці, праследавалі са Смаленскай вобласці Расеі ў паветраную прастору Беларусі і выпусцілі 12 крылатых ракет Х-22 па цэлях у Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай вобласці Украіны.
ГУР лічыць, што пускі былі здзейсненыя над Петрыкавам.
«Гэта першы выпадак авіяцыйнага ўдару па Украіне непасрэдна з тэрыторыі Беларусі. Сённяшні абстрэл непасрэдна звязаны з намаганнямі ўлады Крамля, каб уцягнуць Беларусь у вайну ва Украіне як непасрэднага ўдзельніка», — гаворыцца ў паведамленні ГУР. Украінская разведка называе ранішнія абстрэлы правакацыяй, каб выдаць далейшыя магчымыя атакі на аб’екты ў Беларусі за адказ Украіны на авіяўдары.
Раней аб ракетных ударах з тэрыторыі Беларусі паведамілі кіраўнікі Жытомірскай і Чарнігаўскай аблваенадміністрацый.
***
У паведамленні аператыўнага камандавання «Поўнач» адзначаецца, што а пятай раніцы па Чарнігаўскай вобласці быў зладжаны масавы ракетны абстрэл. З тэрыторыі Беларусі з самалётаў і з зямлі выпусцілі 20 ракет па населеным пункце Дзясна. Вядома пра руйнаванні аб’ектаў інфраструктуры.

Па наваколлі Жытоміра выпусцілі 24 ракеты з самалётаў, якія зайшлі з Беларусі. Пра гэта паведаміў Сяргей Сухамлін, кіраўнік горада.
Былі абстраляныя вайсковыя аб’екты вакол горада. У сам горад нічога не прыляцела.
«Лукашэнка пятляе перад Пуціным і сваёй арміяй, але сёння мы пабачылі пацвярджэнні таму, што і так вядома пра яго. Пабачылі, што Беларусь таксама бярэ ўдзел у вайне, як і РФ», — сказаў Сухамлін.
Кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Бунэчка паведаміў, што адзін вайсковец загінуў, яшчэ адзін быў паранены.
Array