Тэма дня – Дроны надзеі



Атака дронаў на маскоўскі Крэмль вартая ўсіх «бавоўнаў», то бок выбухаў, разам узятых за апошні год. У першыню ў гісторыі Крэмль адбамбілі. Хай сабе і сімвалічна.

Сімвалізм – гэта і ёсць галоўнае ў падзеі з дронамі, якая ўжо ўвайшла ў гісторыю нароўні з прызямленнем на Краснай плошчы Маціяса Руста. Пілота лёгкаматорнага самалёту, які незаўважна перасек мяжу Савецкага Саюзу ў 1987 годзе, і прызямліўся перад маўзалеем у Маскве. І не абы ў які дзень, а 28 траўня – у дзень савецкіх памежнікаў.

Сілу сімвалізму цяперашняга прылёту баявых дронаў у Крэмль можна праілюстраваць карцінкай, якую пабачыў мой калега ў грузінскім Батумі:

«Стаіць кабета за мной у краме і тэлефануе камусьці:

– Ванечка, што гэта такое робіцца! Як яны маглі па Крамлі, увогуле сумлення няма, мы так не дамаўляліся. Калі ў Крэмль прыляцеў, то куды заўгодна прыляцець можа, а прычым тут людзі мірныя? Мы ж іх дамы не бамбім, толькі ваенныя аб’екты. Рыхтавацца да горшага? Ды мы толькі атакаваць умеем, абараняцца мы не ўмеем. Можа ўжо дом прадаваць, пакуль гэтыя фашысты не ўзарвалі? У Грузіі будзем жыць, хутка нашыя яшчэ прыедуць, як у Сочы будзе!» 

Пра жыць у Грузіі як у Сочы хочацца пажартаваць фразай «рускія не здаюцца». А цяпер уявім рэакцыю расейца не ў Батумі сярод пальмаў, а ў мокрым і халодным акопе сярод кустоў, якія ледзь пачалі зелянець. Апошнія прыдумкі наконт таго, навошта ён страляе па ўкраінцах, могуць цалкам знікнуць.

Для адных дроны над Крамлём – гэта дроны адчаю, а для іншых – дроны надзеі.

У беларускім інфармацыйным полі шмат гаворыцца пра тое, што нават частковая параза Расеі ў вайне супраць Украіны можа запусціць працэсы аслаблення крамлёўскай улады як такой. І што падобны сцэнар пойдзе на карысць Беларусі, бо пазбавіць Лукашэнку моцнай падтрымкі сілавікоў.

Але дроны надзеі, то бок перспектыва поспехаў ЗСУ і пратнёраў, гэта надзея для ўсіх былых калоніяў Крамля.

Гэта надзея на новую палітычную, і шырэй – цывілізацыйную – канфігурацыю ў Еўразіі.

Напрыклад, сёння Казахстан мусіць туліцца да Кітаю, каб абараніцца ад Расеі. У Малдове папулісты заязджаюць у палітыку з лозунгамі «без Расеі мы не пражывем». Ва Украіне прарасейская публіка лікам на мільёны нікуды не знікала. А Грузія? Фактычна купленая расейскімі грашыма.

Як толькі Крамлёўская імперыя пойдзе на заўважны мінус, усе прарасейскія палітычныя акцыі абясцэняцца.

У тым ліку і ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя