Тэма дня – Дыверсіі як псіхалагічны наступ



Падбіты самалёт у Мачулішчах, “бавоўна” ў Белгародскай вобласці, дыверсія на лініі электраперадач пад Санкт-Пецярбургам. Цяпер вось падарваны цеплавоз у Бранскай вобласці. 

Рэшткі падарванага лакаматыву пад Унечай”

І я хадзіў на байдарках па захадзе Бранскай вобласці Расеі.

Гледзячы з Масквы, мястэчка Унеча, дзе падарвалі цеплавоз Беларускай Чыгункі, які цягнуў нафтапрадукты для расейскіх патрэбаў, гэтыя мясціны – край геаграфіі. Гэта мядзведжы кут, які ўяўляе з сябе непралазныя гушчары лясоў і кустоўя. Ідэальныя мясціны, каб схавацца дыверсійнай групе. І шукай іх хоць дронам, хоць спадарожнікам – без сэнсу.

Хто зрабіў дыверсію? Зразумела, што тыя, хто прафесійна валодаюць падрыўной справай. Тэрыторыя цалкам дасяжная для ўкраінскіх вайсковых спецназаўцаў. 

Але ж чаму б гэта не зрабіць беларускім партызанам? Думаю, “органы” Лукашэнкі не могуць кантраляваць усіх былых вайскоўцаў-сапёраў.

З іншага боку, чаму б гэта не быць расейскім рэвалюцыянерам? 

Ад пачатку паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны мы бачым рознага кшталту дыверсіі па ўсёй Расеі. Цяпер і каля Унечы.

Выканаўцы могуць быць з розных краін. Важна што тэндэнцыя падхопленая, і чым бліжэй контрнаступ ЗСУ, тым колькасць дыверсій павялічваецца.

Ці даюць гэтыя дыверсіі вялікую вайсковую дапамогу Украіне? Мяркую, у працэнтных адносінах вельмі маленькую. Але.

Але псіхалагічнае ўздзеянне цяжка пераацаніць. 

У ХХІ стагоддзі вайна адбываецца найперш у галовах. 

Памятаем, як у лютым 2022 года расейцы ішлі на Кіеў і везлі ў абозе форму для параду на Храшчаціку. А ў гэты час дзядзькі па пяцьдзясят гадоў з тэрытарыяльнай абароны, узгадаўшы службу яшчэ ў Савецкай Арміі, спынялі калоны інтэрвентаў на Сумшчыне, на ўсходняй мяжы з Расеяй. 

Яшчэ не было заходняй дапамогі, а розніца ў псіхалагічным стане інтэрвентаў і абаронцаў перадвызначыла хаду вайны.

Нядаўна жыхары Расеі былі перакананыя, што жывуць у самай магутнай дзяржаве свету, і вось цяпер бачаць як ляцяць цягнікі, гараць склады, а ўлады нічога не могуць з гэтым зрабіць. 

Сочаць за сітуацыяй і беларускія “сілавікі”, якія вераць у непарушнасць Расеі, а значыць і сілу свайго патрона Лукашэнкі.

БелДзяржПрапаганда практычна ніяк не адрэагавала на дыверсію каля беларускай мяжы. Відаць, чакае што выразна прамовіць іхны “Першы”.

А мы чакаем контрнаступ і поспех ЗСУ.

Цалкам гук:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з адкрытых крыніц