Тэма дня – Нявыкруткі лукашэнкаўскіх ідэолагаў
Нам паказалі экспанат музею мадам Цюсо – васковага Лукашэнку.

Я заўважыў, што васковая фігура яшчэ і рухалася.
Цугцванг – шахматнае азначэнне, калі як ні пойдзеш, усё будзе кепска.
Не паказаць важака зграі – пачуць, што «Акела прамахнуўся». То бок спісаць Аляксандра Рыгоравіча ва ўтыль. Вырашылі паказаць. Спачатку пару фотаздымкаў, дзе Лукашэнка меў апухлы чырвоны твар, а пасля кароткае відэа, дзе Лукашэнка добра замазаны грымёрам.
Калі відэа, то чалавек мусіць працяглы час дэманстраваць бадзёрасць, а не здольнасць павярнуцца туды-сюды.
Цугцванг – не паказаць нельга, і паказаць – сорам.
Канец Лукашэнкі адчуваюць маладыя прапагандысты, якія зрабілі стаўку з улікам таго, што сам Лукашэнка не такі стары дыктатар.
Думалі, што сучасная медыцына робіць дзівосы, і ў свае сорак з хвосцікам пачуваліся ўдалымі лаўцамі птушкі шчасця.
Але «птушка» Лукашэнка, магчыма, сам для сябе нечакана другі тыдзень не ў працаздольным стане. І перспектыва ягонай здатнасці бегаць па краіне раздаваць парады як жыць выглядае вельмі цьмянай.
А тут з’яўляецца тэкст аднаго з топавых прапагандыстаў Лукашэнкі Аляксандра Шпакоўскага. Таго самага, які калісьці хадзіў з бел-чырвона-белым значкам, а пасля «празрэў» і стаў адданым байцоў партыі Лукашэнкі.
У сябе ў фэйсбуку Шпакоўскі апублікаваў тэкст, якія скарочана можна пераказаць так – заваляць Расею, возьмуцца за нас, за лукашыстаў. Таму не расслабляйцеся, а гуртуйцеся ў самаабарону.
То бок, рыхтуйцеся да таго, што давядзецца ваяваць.
Нявыкрутка такога ідэалагічнага, хоць па-свойму рацыянальнага, кроку ў тым, што ўся ідэалогія, дакладней, прывід ідэалогіі, Лукашэнкі базуецца на адной фразе – абы не было вайны.
І тут ябацек ставяць перад фактам, што Лукашэнка фізічна хутчэй за ўсё не адновіцца, а адказваць за падтрымку ягонай палітыкі давядзецца.
Ябацькі пад такое не падпісваліся. Яны абіралі прыкрыццё моцным лідарам-важаком, але без уласнага актыўнага ўдзелу ў небяспечных гульнях.
Калі ўважліва чытаць каментары ў дыскусіях ябацек, бачна, што адныя не вераць у паразу Расеі, і адпаведна пагрозу для іхнага лукашысцкага ладу. А іншыя акурат усё бачаць і дэманструюць разгубленасць.
Важна, што ўкраінскія ўлады і іх заходнія партнёры трымаюць паўзу. Наступ Збройных сіл Украіны яшчэ не пачаўся, а паніку ў стане пракрамлёўскай і пралукашэнкаўскай публікі мы ўжо назіраем.
Нявыкрутка, альбо цугцванг праціўніка – яшчэ адзін, пакуль прамежкавы, поспех сіл дабра.
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя