Тэма дня: Што новага ў выступе Лукашэнкі



«І што змянілася за дваццаць гадоў?» – спытаўся мой прыяцель, паслухаўшы прамову Лукашэнкі перад сваімі «людзьмі гасударавымі». «Кантэкст», – адказаў я.

Прывітанне, тут Севярын Квяткоўскі, і я прапаную па свежых слядах прайсціся па тым, што казаў Лукашэнка.

Для пачатку дазволю сабе меркаванне, што ад Лукашэнкі чакалі найперш тлумачэнняў па ядзернай зброі ў Беларусі. Будзе-не будзе? 

Не сакрэт, што абсалютная большасць беларусаў супраць усяго што звязанае з вайной. Як па мне, самае галоўнае Лукашэнка прамармытаў вельмі невыразна.

Прыблізна праз паўгадзіны ад пачатку прамовы, Лукашэнка паведаміў, што Беларусь спрабуюць уцягнуць у вайну. І следам, што Ён – Лукашэнка – мае права вярнуць у Беларусь ядзерную зброю. І ўсё каб у Беларусі быў мір, і каб беларусы не сталі рабамі.

Выдзеліў літаральна пару хвілін тэме, якая хвалюе, магчыма, большасць. Бо не трэба быць вайсковым аналітыкам, каб разумець, што калі з тэрыторыі Беларусі паляцяць ядзерныя зарады, то па Беларусі будзе зроблены ўдар на адказ.

І вось тут самае цікавае. Пентагон і NATO не раз заяўлялі, што ў стане адказаць на ядзерны ўдар звычайнымі відамі ўзбраення. Проста для ўяўлення: у ЗША на сёння больш за чатыры тысячы баявых самалётаў. Ніводная супрацьпаветраная абарона ў свеце не здатная даць рады падобнай армадзе штурмавікоў, знішчальнікаў і бамбавікоў.

То бок, беларусам варта хвалявацца, бо бомбы і ракеты могуць зачапіць і цывільных грамадзян. А вось Лукашэнку наўрад ці выратуе нейкі бункер. Сучасныя бомбы прабіваюць і бетон, і сталь.

Амаль адразу пасля заўвагі па ядзернай зброі Лукашэнка згадвае так званых «прайгралых». Заклікае актыўных удзельнікаў пратэстаў 2020 году прызнаць сваю паразу. Здавалася б: ты ж перамог яшчэ два з паловай года таму, што табе няймецца?

Цікава, што 80% цяперашніх праціўнікаў размяшчэння ядзернай зброі карэлююцца з 80% тых, хто не галасаваў за Лукашэнку ў 2020 годзе. Калі ўлічыць, што каля полумільёна беларусаў выехалі, значыць, што і пэўны працэнт ябацек таксама не падтрымлівае Лукашэнку, што да вайны. Лічбы называюцца прыблізнымі, бо сацыялогія ва ўмовах тэрору не можа быць дакладнай.

То Лукашэнка кажа «мой век заканчваецца», то «я паміраць не збіраюся», то «вы маладыя самі будзеце рашаць».

Агульнае ўражанне: напужаны, неўпэўнены ў сабе чалавек. Кантэкст змяніўся, сам Лукашэнка ўжо мала што вырашае.

Беларускае Радыё Рацыя