Тэма дня – Забойства расейскага прапагандыста Татарскага: чаму беларускім калегам варта хвалявацца.



Здавалася б – дзесьці там далёка ў расейскім горадзе забілі нейкага палявога прапагандыста. Што з таго беларусам?

Прывітанне, з вамі Севярын Квяткоўскі.

Паглядзім на версіі тэракту ў Санкт-Пецярбургу, а пасля ўявім якім бокам расейская матрыца можа легчы на беларускія рэаліі.

Владлен Татарскі – гэта прапагандыст з серыі так званых «ваенкораў». Так званых, бо сучасныя расейскія «ваенкоры» не столькі карэспандэнты, колькі блогеры-шоўмэны з прапагандысцкімі задачамі. Праца небяспечная, але дае сотні тысяч падпісчыкаў у сацыяльных сетках. А гэта ўжо і слава, і грошы.

Татаркскага забілі 2 красавіка ў пецярбургскім рэстаране, дзе «ваенкор» даваў лекцыю. Да адказнасці прыцягнулі дзяўчыну, знешне падобную да расейская антыпуцінскай актывісткі Дар’і Трэпавай (Дашы Тыкаўкі).

Расейскія спецслужбы ў арганізацыі забойства прапагандыста вінавацяць украінскі бок. Эксперты з розных краін па-за Расеяй бачаць разборкі ў стылі «павукі ў слоіку». То бок, гэта ўнутры расейскіх імперцаў рознага кшталту пачаліся прэвентыўныя войны пад дываном.

Вайна Расеі супраць Украіны прайграецца, Пуцін па адчуваннях спісаны. Владлен Татарскі быў рупарам партыі Пуціна. А прыбраць яго, каб пазначыць свае магчымасці, магла тая партыя расейскіх імперцаў, якую рэпрэзентуе Ігар Гіркін.

Хто сочыць за падзеямі ва Украіне, ведае названае імя. Палкоўнік ФСБ выплыў на шырокую публіку яшчэ падчас першага ўварвання Расеі ва Украіну ў 2014 годзе. Вось ужо ўвесь прамінулы год Ігар Гіркін актыўна крытыкуе генеральны штаб Расеі, а апошнія тыдні і персанальна Пуціна. Пры гэтым Гіркін жывы і на свабодзе.

Гэта значыць, што за Гіркіным стаіць сіла, непадуладная нават Пуціну. Лічыцца, што адно з крылаў расейскіх спецслужбаў прабівае сабе пляцоўкі для будучага панавання ў Крамлі.

У кожным разе, у нашай частцы Еўропы, ды шмат дзе за рознымі акіянамі, чакаюць украінскі контрнаступ. Лукашэнка падчас нядаўняга  выступу перад сваім актывам быў вельмі ўстрывожаны. Здавалася б – ты ж усіх перамог унутры краіны, табе даюць, пакуль на словах, ядзерную зброю, каб бараніцца ад ЗША. Што ты нервуешся?

Відавочна, што з чаканым пройгрышам Расеі, войны пад дываном улады толькі ўзмацняцца, і ў каля крамлёўскіх дзеячаў будзе не да падтрымкі Лукашэнкі. А гэта значыць, што разборкі за пляцоўку пасля Лукашэнкі пачнуцца і ў Беларусі.

Азаронку ды іншым лука-прапагандыстам варта падрыхтавацца.

Беларускае Радыё Рацыя