Тэрмін «рашызм» выводзіцца з дзвукоссяў. «Лукашызму» падрыхтавацца
Вярхоўная Рада Украіны прызнала «рашызм» дзяржаўнай ідэалогіяй Расеі.

Магчыма, сёння, калі ўвесь сумленны свет жахаецца чарговым злачынствам крамлёўскіх войскаў і жадае поспехаў Збройным сілам Украіны, падобныя фармальнасці падаюцца малазначнымі.
Маўляў, дый так зразумела што ў Крамлі ідэалогія злачынная.
Але ўкраінскі парламент сваёй заявай ад 2-га 2023 траўня запусціў механізм на будучыню. Міжнародна сфармуляванае і прызнанае дэмакратычным светам паняцце «рашызм» значна спрасціць меркаваныя судовыя працэсы над крамлёўскімі злачынцамі.
Вось што на сёння прапануюць азначыць словам «рашызм» дэпутаты Вярхоўнай Рады. У сваім экаўнце ў фэйсбуку піша спікер парламенту Украіны Руслан Стэфанчук:
«Мілітарызм, культ правадыра і сакралізацыя дзяржаўных інстытутаў, самаўзвялічванне Расейскай Федэрацыі шляхам гвалтоўнага ўціску і/або адмаўлення існавання іншых народаў, навязванне расейскай мовы і культуры іншым народам, прапаганда ідэй «русского мира», сістэматычнае парушэнне нормаў і прынцыпаў міжнароднага права, суверэнных правоў іншых дзяржаў, іх тэрытарыяльнай цэласнасці і міжнародна прызнаных межаў».
Вядома, наконт фармулёвак ёсць над чым працаваць, тут шырокае поле для працы спецыялістаў ад паліталогіі і юрыспрудэнцыі. Напрыклад, даць асобнае азначэнне «русского мира».
Украінскі палітычны аглядальнік Тарас Беразавец у сваім блогу на ютубе кажа пра магчымасць таго, што першымі ўкраінскую парламенцкую ініцыятыву падтрымаюць краіны Балтыі і Польшча. І спадзяецца, што пойдзе ланцуговая рэакцыя з іншымі дзяржавамі.
Як і з нацызмам, міжнародным юрыстам будзе прасцей разбірацца не толькі з выканаўцамі злачынстваў, але і з падбухторшчыкамі, напрыклад, крамлёўскімі прапагандыстамі.
Я ўжо больш за год прашу сваіх украінскіх калегаў не блытаць беларусаў і лукашыстаў. Але, здаецца, для большасці такі падыход выглядае гульнёй у словы. Цяпер жа і беларуская сітуацыя станецца больш зразумелай: беларускае і лукашэнкаўскае – дыяметральна рознае.
Нам ужо цяпер варта больш выразна акрэсліць паняцце «лукашызм», а пасля прасоўваць яго на міжнароднай арэне.
Цалкам гук:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя