Цапкала прапануе Захаду аб’явіць ультыматум Лукашэнку, каб той вызваліў палітвязняў



Суд у Менску прысудзіў былому прэтэндэнту на выбарах прэзідэнта Валеру Цапкалу 17 гадоў зняволеньня. Яго абвінавачвалі паводле 12 крымінальных артыкулаў. Прысуд сабе Цапкала ацэньвае як пакаранне за ўдзел у палітычнай дзейнасці ў 2020 годзе, за ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах.

У інтэрв’ю „Свабодзе” Цапкала таксама расказаў пра сваю ініцыятыву — абвясціць рэжыму Лукашэнкі ўльтыматум дзеля вызвалення палітвязняў.

–  Ультыматум Лукашэнку — вызваліць гэтых людзей, у адваротным выпадку павінна быць перакрыта чыгуначнае злучэнне паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам. А гэта не проста чыгуначнае злучэнне паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам, гэта тавары, якія ідуць з Кітая праз Расею, праз Беларусь, і ідуць у Еўропу. Тут стаіць ультыматум Лукашэнку – калі ён вызваляе палітычных вязняў, Захад на самой справе можа прадэманстраваць, што для яго правы чалавека, дэмакратыя з’яўляюцца большымі каштоўнасцямі, чым просты ўтылітарны, дзелавы інтарэс.

Валер Цапкала разам з дзецьмі пакінуў Беларусь у ноч з 23 на 24 ліпеня 2020 года. 29 сакавіка пракурор запрасіў Цапкалу 19 гадоў зняволення. 7 красавіка палітыку прысудзілі 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Беларускае Радыё Рацыя