Ціханоўская абмеркавала ў Рэйк’явіку трыбунал для Лукашэнкі



Лідарка АПКБ Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Тыні Коксам падчас саміту ў Рэйк’явіку.

Як паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай, Тыні Кокс запрасіў Ціханоўскую выступіць на пленарнай сесіі ПАРЭ ў чэрвені, дзе адбудзецца прэзентацыя дакладу аб сітуацыі з беларускімі ўцекачамі. Ад 200 тысяч да 500 тысяч чалавек выехалі з Беларусі пасля 2020 году і зазнаюць рознага кшталту абмежаванні, гаворыцца ў прыватнасці ў дакуменце пра беларускіх уцекачоў. Ціханоўская і Кокс абмеркавалі працу Кантактнай групы Рады Еўропы, якая збіраецца напярэдадні наступнай сесіі 19 чэрвеня. У яе рамках ужо запушчана некалькі праектаў, якія пачынаюць сваю працу: для дапамогі журналістам, моладзі, грамадзянскай супольнасці.

Таксама бакі правялі размову пра сітуацыю з масавым прымусовым вывазам украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый не толькі ў Расею, але і ў Беларусь, датычнасць да гэтага Лукашэнкі. Кокс і Ціханоўская дамовіліся, каб гэтае пытанне было паднята на наступных сустрэчах на сесіях ПАРЭ і было ўключана ў даклад пра Украіну. Гэта дазволіць прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці ў міжнародных судах.