Ціна Перэсунька: Складана паверыць, што ўсё паўтарылася праз 100 гадоў!



Госця Радыё Рацыя – журналістка, навуковец, даследчыца з Кіева – Ціна Перэсунька.

РР: Якая атмасфера зараз у Кіеве? Адбываецца 14-ты дзень вайны. Які ў Вас настрой?

Ціна Перэсунька: У нас настрой стрымана-пазітыўны. Кіеў трымае абарону. Мы верым у нашую армію. Мы адсюль нікуды не з’ехалі. Мы з блізкай сяброўкай жывем недалёка ад кіеўскай тэлевежы, таму чулі тыя выбухі ад абстрэлу тэлевежы.  

РР: Чаму Вы вырашылі не з’язджаць?

Ціна Перэсунька: Я мела магчымасць выехаць і ў больш бяспечныя рэгіёны, і за мяжу. Але, па-першае, я толькі месяц таму вярнулася – я 9 месяцаў была, як стэпендыятка Праграмы Фулбрайта, у Нью-Ёрку, ЗША. Займалася якраз даследаваннем, як 100 гадоў таму Украіна змагалася за незалежнасць ад Расеі. І змагалася з расейскаю прапагандаю і арміяю праз песню. Даследую, як у тых умовах украінскі ўрад намагаўся перамагчы расейскую агрэсію і здабыць падтрымку Захаду. І гэта быў праект музычнай дыпламатыі. І ў ЗША я якраз даследавала архівы эміграцыі.

Чаму ў Амерыцы? Таму што на ўвесь  свет вядомая Калядка Carol of the Bells. Якую на Раство ў Нью-Ёрку, па ўсім свеце выконваюць. А гэта насамрэч украінская калядка «Щедрик». Як яна трапіла ў Амерыку і чаму стала такой папулярнай? І аказалася, што  100 гадоў таму, калі ў нас быў галоўнакамандуючы арміяй і прэзідэнт Украіны Сімон Пятлюра, які ў мінулым быў журналістам, арткрытыкам, то ён вырашыў, як здабыць падтрымку заходняга свету. Праз хор, праз музычную дыпламатыю. І ён даў даручэнне дырыжору Аляксандру Кошыцу, і магчыма вашая аўдыторыя ведае пра гэта, што першая расейская ракета, выпушчаная па Кіеве, трапіла ў жылы будынак па вуліцы Аляксандра Кошыца. Атрымалася, што расейская агрэсія непасрэдна закранула маё даследавання.

І гэтая тэма не проста гістарычнае даследаванне, а вельмі актуальная тэма, бо сёння мы ізноў змагаемся за незалежнасць. Бо той хор, які паехаў 100 гадоў таму на чале з Аляксандрам Кошыцам праслаўляць Украіну і здабываць заходнюю падтрымку, яны за дзень да расейскай акупацыі эвакуяваліся з Кіева. Я даследую, як яны эвакуяваліся, яны ехалі два тыдні, бо былі разбітыя рэйкі, ішлі ваенныя дзеянні. Усё тое, што сёння мне распавядаюць мае родныя, якія выехалі зараз з Кіева. Як складана было паверыць у тое, што гэта ўсё паўторыцца! Я гэтую тэму даследавала як папярэджанне, што гэта ўрокі гісторыі, што мы іх мусім ведаць. Мы мусім ведаць, што тады расейская агрэсія адбылася, што сёння яна існуе і яна мае сваю якуюсьці бясконца паўтараемую логіку. І мы мусім быць да гэтага гатовыя. І калі тое самае адбываецца сёння, у гэта проста складана паверыць.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: hromadske.radio

Array