Турцыя падтрымае ўступленне Швецыі і Фінляндыі ў НАТА



Турцыя, Фінляндыя і Швецыя падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні, які пацвярджае, што Турцыя падтрымлівае ўступленне скандынаўскіх краін у НАТА, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Фінляндыі.

Фота: tccb.gov.tr

Мемарандум быў падпісаны 28 чэрвеня ў Мадрыдзе міністрамі замежных спраў трох краін па выніках сустрэчы прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Тайіпа Эрдагана, прэзідэнта Фінляндыі Саўлі Нііністэ, прэм’ер-міністра Швецыі Магдалены Андэрсан і генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнберга напярэдадні саміту НАТА.

«У апошнія тыдні Турцыя выказвала турботу з нагоды пагрозы тэрарызму. Фінляндыя заўсёды сур’ёзна ставілася да такіх асцярог. Фінляндыя асуджае тэрарызм ва ўсіх яго формах і праявах. Як член НАТА Фінляндыя будзе цалкам прытрымлівацца ўсіх дакументаў і палітыкі НАТА ў галіне барацьбы з тэрарызмам», – заявіў Нііністэ.

Нагадаем, Швецыя і Фінляндыя выказалі намер далучыцца да НАТА, але Турцыя выступіла супраць нібыта з-за падтрымкі гэтымі краінамі Працоўнай партыі Курдыстана (РПК), прызнанай у Турцыі тэрарыстычнай арганізацыяй.

«Я рашуча вітаю падпісанне гэтага трохбаковага мемарандума і рашуча вітаю канструктыўны падыход, які тры краіны прадэманстравалі падчас перамоваў. Сяброўства Фінляндыі і Швецыі ў НАТА прынясе карысць Фінляндыі і Швецыі, карысць НАТА і карысць еўрапейскай бяспекі», – заявіў генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг.

reform.by