У Беларусі партыі, якія не падтрымліваюць курс уладаў, прапаноўваецца ліквідаваць
Усе палітычныя партыі Беларусі павінны будуць прытрымлівацца курсу, які вызначыць Усебеларускі народны сход (УНС).
Пра гэта на нарадзе заявіў Аляксандр Лукашэнка. „УНС вызначыць контуры нашай будучыні, тую каляіну, па якой будзе рухацца дзяржава. Прысутнічаць будуць усе. І будзьце добрыя ўсе вось гэтага курсу, які будзе там вызначаны, прытрымлівацца. Сышлі налева, направа — партыя ці грамадскі рух павінны быць ліквідаваны. Толькі так можам утрымаць краіну ў нейкай каляіне, у нейкіх рамках. Гэта як прапанова ў законапраект”, — прыводзіць БЕЛТА яго словы.
Чым будуць адрознівацца партыі, якія прытрымліваюцца адной лініі? Лукашэнка патлумачыў гэта так: „Можаце больш ліберальнымі быць, а вы больш кансерватыўнымі, калі ласка, але курс павінен быць вызначаны”. Такім чынам, ніякая легальная апазіцыя будзе проста не дазволеная. Разам з тым, паведамляецца, што дэлегатаў на УНС змогуць вылучаць грамадскія аб’яднанні, якія маюць не менш за 100 тысяч чальцоў, а партыі такога права не атрымаюць.
Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка пасля нарады ў Лукашэнкі падзяліўся некаторымі падрабязнасцямі праекту зменаў у закон аб палітычных партыях. Паводле яго слоў, яны не павінны будуць дапускаць варожасці. Хаменка зазначыў, што абмяркоўваецца мінімальная колькасць партый. Яе могуць павялічыць да 5 тысяч чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя
Array