У Херсонскай вобласці адкладуць рэферэндум
Намеснік кіраўніка прызначанай Расеяй так званай «ваенна-цывільнай адміністрацыі» Херсонскай вобласці Кірыл Стрэмавусаў заявіў, што рэферэндум аб далучэнні Херсону і вобласці да Расеі будзе «пастаўлены на паўзу». Ён патлумачыў адтэрміноўку рэферэндуму «меркаваннямі бяспекі» і паведаміў, што галасаванне адбудзецца не раней, чым у рэгіёне будуць спыненыя баявыя дзеянні. Дата рэферэндуму пры гэтым не называлася ні раней, ні цяпер.

Стрэмавусаў падкрэсліў, што адтэрміноўка рэферэндуму не звязаная з нядаўняй заявай віцэ-прэм’ера Ўкраіны Ірыны Верашчук. Тая заявіла, што ўдзел украінскіх грамадзян у такога кшталту галасаваннях будзе лічыцца актам калабарацыянізму з агрэсарам і за яго можа пагражаць крымінальнае пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Раней таксама паведамлялася пра падрыхтоўку рэферэндумаў аб далучэнні да Расеі у Данецкай, Луганскай абласцях, а таксама на частцы Запарожскай вобласці. У якасці імавернага часу рэферэндумаў называлася сярэдзіна верасня. Украінскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што ні пры якіх абставінах не прызнаюць вынікі такіх галасаванняў. Некалькі дзён таму ўкраінскія вайскоўцы пачалі наступ у Херсонскай вобласці. Ім удалося ўзяць пад свой кантроль некалькі населеных пунктаў.
Array