У Варшаве завяршылася канферэнцыя „Новая Беларусь”



Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская акрэсліла мэты на наступны год.

Палітык зазначыла: „Наша стратэгія нязменная з 2020 года. У шырокіх мазках – гэта ціск на рэжым і дапамога грамадскаму руху”:

– Што ўвасабляюць гэтыя два накірункі, там шмат чаго. Гэта і прыцягненне да адказнасці, гэта і санкцыі. Трэба зрабіць так, каб не было прысутнасці рэжыму Лукашэнкі ў міжнародных арганізацыях, каб замест іх былі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, каб не было чутна гэтай ілжывай прапаганды на міжнародным узроўні. Гэта і дапамога палітвязням, гэта і прасоўванне нашай нацыянальнай культуры і ідэнтычнасці.

Таксама Святлана Ціханоўская падзякавала ўсім, хто далучыўся да марафону салідарнасці з палітвязнямі “Нам не ўсё адно”, аднак зазначыла, што данатаў магло б быць больш.

* * *

6 жніўня ў Варшаве Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада разам правялі канферэнцыю «Новая Беларусь 2023». На ёй адкрыта абмяркоўваліся супольныя дасягненні і няўдачы дэмакратычных сілаў за гэты час, а таксама далейшыя планы і бачанне будучыні Беларусі.

***

Прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі паказаў, як будзе выглядаць пашпарт Новай Беларусі. Пагоня на вокладцы, лацінка, нацыянальныя сімвалы ў афармленні. Паводле слоў Кавалеўскага, альтэрнатыўны дакумент будзе пацвярджаць беларускае грамадзянства і з ім можна будзе падарожнічаць. Тым не менш, дазвол на ўезд ці пражыванне ў новай краіне трэба будзе ўсё роўна атрымліваць. З альтэрнатыўным пашпартам можна будзе адкрываць рахункі у банках, набываць і рэгістраваць тэлефонныя сім-карты. Пашпарт будзе выдавацца Кабінетам на платнай аснове праз сетку пашпартных цэнтраў, а пасля дэмакратычных пераменаў яго маюць намер выдаваць усім грамадзянам Беларусі.

***

Трэцяя панэль прысвечаная будучыні Беларусі.

Полк імя Каліноўскага прызнае Святлану Ціханоўскую прадстаўніцай беларускага народа. Але разам з тым канстатуе сістэмны крызіс у беларускіх дэмакратычных сілах. Пра гэта на канферэнцыі Новая Беларусь заявіў прадстаўнік палка Павел “Віллі” Кухта.

“Спачатку дэакупацыя, знос рэжыму і пабудова спрыяльных умоў для новых выбараў,— упэўнены ваяры палка. — Усяго гэтага можна дамагчыся пры ўмовах адзінага моцнага нацыянальна-аб’яднанага руху”.

***

«У саюзе з Расеяй Беларусь не можа мець будучыні, — заявіла Святлана Ціханоўская. — Але гэта не відавочна для ўсіх тых, хто ў Беларусі. Наша задача — правесці дэкаланізацыю Беларусі», — сказала яна.

«Наша задача — вырваць Беларусь з расейскай арбіты», — заявіла Ціханоўская.

***

Каардынацыйная рада не ўзгадніла кандыдатуру прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па аднаўденні правапарадку Аляксандра Азарава. Дэлегаты не рэкамендуюць падаўжаць яго прадстаўнічыя функцыі. За Азарава было пададзена 11 галасоў, супраць — 35. Яшчэ 30 удзельнікаў устрымаліся.

Раней у аб’яднанні сілавікоў супраць дыктатуры «Байпол», якое ўзначальваў падпалкоўнік Міністэрства ўнутраных спраў Азараў, адбыўся раскол. Яго прычынай называюць тое, што арганізацыя засталася без фінансавання заходніх донараў пасля таго, як супольна з украінскай выведкай арганізавала атаку на расейскі самалёт-выведчык у Мачулішчах.

***

Працягваецца канферэнцыя „Новая Беларусь”. Падчас другой панэлі палітычныя і грамадскія дзеячы абмяркоўваюць развіццё міжнародных стасункаў краіны.

Падчас канферэнцыі „Новая Беларусь” у Варшаве паступіла пагроза бяспецы Святланы Ціханоўскай. Польская паліцыя вывучае сітуацыю і праверыць памяшканні гатэля. Пра гэта пасля выступу лідара дэмсілаў паведаміла вядучая імпрэза Кацярына Раецкая.

«На жаль, Святлана не зможа прысутнічаць у залі пэўная гадзіна. Гэтага патрабуе польская паліцыя», – сказала яна.

Нагадаем, летась канферэнцыя Новай Беларусі, якая праходзіла ў Вільні, была спынена. Удзельнікаў і гасцей папрасілі пакінуць будынак. Як было паведамлена ў зале, „адбылася правакацыя”.

Трансляцыя вядзецца на тэлеканале „Белсат”, да яе могуць далучыцца ўсе ахвочыя. У каментарах можна пісаць пытанні, мадэратары і вядучыя будуць задаваць іх удзельнікам.

* * *

Яе ладзяць Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада.
Анлайн-трансляцыя канферэнцыі павінна была ісці на канале Святланы Ціханоўскай у Ютубе. Але па тэхнічных прычынах, паводле арганізатараў, яе пакуль там няма, і яны далі спасылку на канал „Белсата”.

Пачалося мерапрыемства з хвіліны маўчання ў памяць пра загінулых за свабоду Беларусі. Пасля слова ўзяла Святлана Ціханоўская. Са зваротам да прысутных звярнулася і Івонка Сурвіла.

Затым пачалася дыскусія „Што зрабілі і збіраюцца зрабіць дэмакратычныя сілы для пераходу да дэмакратыі”. Сярод удзельнікаў – прадстаўнікі аб’яднанняў „Кіберпартызан”, „Палка Каліноўскага”, „Каардынацыйнай рады”, „Народнага антыкоызіснага ўпраўленне”.

Беларускае Радыё Рацыя