Украіна заклікае выключыць Расею з ААН
Украіна заклікае краіны-сябры ААН пазбавіць Расею сталага сяброўства ў Радзе Бяспекі ААН і «выключыць яе з ААН у цэлым». Пра гэта гаворыцца ў заяве МЗС Украіны.

Украіна заяўляе, што сяброўства Расеі ў ААН і ў Савеце бяспекі належным чынам не ўрэгулявана ў адпаведнасці з міжнародным правам: краіна не прайшла працэдур для набыцця сяброўства ў арганізацыі пасля распаду СССР.
«Расея памылкова лічыць пытанне ўрэгуляваным, спасылаючыся на тое, што ўжо з 24 снежня 1991 года, а ў публічнай плоскасці – з 31 снежня 1991 года ў Радзе Бяспекі ААН з’явілася таблічка з яе назвай. Насамрэч, у адпаведнасці са Статутам ААН для гэтага не было і да гэтага часу няма ніякіх легітымных падстаў», – гаворыцца ў заяве. Украіна лічыць, што Расея навязала сваё сяброўства ў ААН аднабаковым рашэннем.
Украінскі МЗС лічыць, што права Расеі ўваходзіць у ААН з’яўляецца ў цэлым сумнеўным, бо яна не адпавядае асноўнаму крытэрыю сяброўства ў ААН – міралюбнасці.
«Дзеянні Расейскай Федэрацыі процілеглыя паняццю «міралюбства». Тры дзесяцігоддзі яе незаконнага знаходжання ў ААН адзначаны войнамі і захопам тэрыторый іншых краін, сілавым змяненнем міжнародна прызнаных межаў, спробамі задаволіць захопніцкія і неаімперскія амбіцыі. … Вайна Расейскай Федэрацыі супраць Украіны з’яўляецца беспрэцэдэнтным актам парушэння мэт і прынцыпаў Статута ААН з часоў яго падпісання ў 1945 годзе і пазбаўляе Расею права называцца міралюбівай дзяржавай», – гаворыцца ў заяве.
МЗС Украіны лічыць, што Расея распальвае канфлікты і дэстабілізуе сітуацыі па ўсім свеце (у былым СССР, Сірыі, Афрыцы), а таксама сістэмна блакуе рашэнні для вырашэння гэтых канфліктаў. Напрыклад, з 1991 года Расея 31 раз прымяніла права вета ў Савеце Бяспекі ААН, што амаль у два разы больш, чым іншыя пастаянныя члены Савета бяспекі, адзначае ўкраінскае МЗС.
Украіна заяўляе, што Расея, адчуваючы беспакаранасць, перайшла да шантажу міжнароднага таварыства ядзернай зброяй.
„Гэта толькі пытанне часу, калі дзеянні РФ дыскрэдытуюць і разбураць усю сістэму ААН – адзіную і безальтэрнатыўную глабальную міжурадавую інстытуцыю, якая аб’ядноўвае за сталом перамоваў усе дзяржавы свету”, – заяўляе МЗС.
Array