Украінцы ўзнялі свае сцягі ў пасёлку на самай мяжы з Расеяй
Мясцовыя жыхары ўзнялі ўкраінскія сцягі ў пасёлку гарадскога тыпу з 5-тысячным насельніцтвам Казачая Лопань на поўначы Харкаўшчыны, на самай мяжы з Расеяй.

Гэта здарылася пасля адыходу расейскіх частак. Казачая Лопань была пад акупацыяй з сакавіка. Прычыны расейскага адступлення тут няясныя, бо ўкраінскі наступ ад Купянска ў кірунку Ваўчанска адбываецца прыкладна за 100 км адсюль на паўднёвы ўсход.
Магчыма, Расеі крытычна бракуе сілаў, каб утрымаць новы рубеж абароны па Асколе і Данцы, і Масква вымушаная перакідваць туды падмацаванне, агаляючы іншыя кірункі ў спадзяванні, што ўкраінскія войскі ўсё адно не будуць пераходзіць дзяржаўную мяжу.
Таксама мясцовыя жыхары паздымалі расейскія сцягі і з устаноў у горадзе Ваўчанску. Гэта апошні горад Харкаўскай вобласці, які заставаўся пад кантролем Расеі. Сёння расейскія войскі яго пакінулі.
Беларускае Радыё Рацыя