Узброеныя сілы Украіны звярнуліся да беларускіх вайскоўцаў
Узброеныя сілы Украіны звярнуліся да беларускіх вайскоўцаў. Украінцы заклікалі беларусаў не выконваць злачынныя прыказы Лукашэнкі і папярэдзілі пра нанясенне ўдараў па вайсковых аб’ектах Беларусі ў выпадку новага ўварвання з яе тэрыторыі.

Напярэддані таксама стала вядома, што Украіна ўвяла санкцыі супраць фізічных і юрыдычных асоб Беларусі. Лукашэнка ў спіс не патрапіў, затое патрапіла яго жонка. Гаворка пра афіцыйную жонку − Галіну Лукашэнка − з якой яны не жывуць фактычна з першых гадоў прэзідэнцтва Лукашэнкі.
Таксама ў спісе высокапастаўленыя сілавікі, такія як Кубракоў, Хрэнін, Вальфовіч і Лапо. Уведзеныя санкцыі і супраць старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і прэс-сакратар Лукашэнкі – Наталлі Эйсмант.
Калі ж казаць пра юрыдычных асобаў, то Украіна наклала санкцыі на „Нафтан”, „Мазырскі НПЗ”, „Гродна Азот”, „Беларуснафту”, шэраг банкаў ды іншых прадпрыемстваў.