Вадзім Мажэйка: Лукашэнка адчувае сваю моц



У пятніцу, 31 сакавіка, Лукашэнка выступіў са сваім пасланнем перад парламентам і народам.

Пра яскравасць гэтага паслання разважае аналітык „Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў” Вадзім Мажэйка:

– Былі яскравыя спробы прадэманстраваць адрознасць Беларусі і Расеі. Лукашэнка шмат казаў пра захаванне міру, пра спробы акрэсліць контуры нейкай будучыні, гэта акурат тое, чаго ў сённяшняй Расеі няма. Таксама Лукашэнка падкрэсліваў свой вайсковы кантроль на тэрыторыі Беларусі. Пачынаючы ад таго, што назваў лічбу ў 500 беларускіх афіцэраў, якія трэнуюць расейскіх „мобікаў” і што быццам бы ядзерная зброя будзе пад ягоным кантролем.

Аналітык лічыць, што Лукашэнка прадэманстраваў падчас паслання сваю моц:

– Фактычна Лукашэнка падкрэслівае сваю моц і тое, што атамная зброя будзе для яго апошнім аргументам у захаванні сваёй улады нават у выпадку, калі будзе нейкі ціск, што ён будзе гатовы яе прымяніць. Наўрад ці ў яго будзе такая тэхнічная магчымасць, але бачна, што лёс Кіма яму больш прывабны, чым лёс Кадафі.

На думку аналітыка, дзіўным падчас паслання было тое, што Лукашэнка вырашыў даваць заўвагі цэрквам, як праваслаўнай, так і каталіцкай.

Беларускае Радыё Рацыя