Вайна ва Украіне: колькі абаронцаў загінула?
180-ы дзень вайны. Амаль 9 тысяч украінскіх вайскоўцаў загінулі на вайне з Расеяй. Пра гэта Галоўнакамандуючы УСУ Валеры Залужны паведаміў на форуме «Абаронцы. Пераклічка».
«У гэтай вайне бяруць удзел не толькі вайскоўцы і не толькі тыя, хто ўзяў у рукі зброю, — нашыя маленькія дзеткі, якія зусім ні ў чым не вінаватыя, акрамя таго, што яны нарадзіліся менавіта тут і менавіта ў гэты час. Яны сапраўды нічога не разумеюць, што адбываецца, але адназначна маюць патрэбу ў абароне як каля Салядара, Бахмута, Вялікай Навасёлкі, так і тут, таму што іх бацька пайшоў на фронт і, магчыма, уваходзіць у лік тых амаль 9 тысяч герояў, якія загінулі», — сказаў Залужны.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў штодзённым звароце заявіў, што перамовы Кіева і Масквы будуць немагчымыя, калі ў Марыўпалі адбудзецца «судзілішча» над украінскімі ваеннапалоннымі.
Кіраўнік так званай «ДНР» Дзяніс Пушылін раней казаў, што «падрыхтоўка да трыбуналу вядзецца», і што «адзін з першых трыбуналаў будзе ў Марыўпалі». Як заўважыла НН, падчас свайго відэазвароту Зяленскі быў у вопратцы, якую называюць выжыванкай, з арнаментам ад беларускай мастачкі Руфіны Базловай.
Беларускае Радыё Рацыя
Array