Вайна ва Украіне: магчымая правакацыя на мяжы з Беларуссю



379-ы дзень вайны. Украінская выведка заявіла пра магчымую правакацыю на мяжы з Беларуссю. У паведамленні, распаўсюджаным на тэлеграм-канале Галоўнага ўпраўлення выведкі, гаворыцца, што «ваенна-палітычнае камандаванне РФ плануе ў бліжэйшы час маштабную правакацыю на мяжы Украіны і Беларусі».

Адзначаецца, што «ў Беларусь павінен прыехаць галоўны расейскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў, каб падрабязна асвятліць правакацыю. 11 сакавіка плануецца арганізаваць тэлерадыёмост і прамую трансляцыю з месца падзеяў для прапагандысцкіх СМІ ў РФ. Для гэтага на тэрыторыю Беларусі прыбываюць некалькі груп расейцаў.

Імаверна, планы акупантаў прадугледжваюць пагрозу знішчэння аб’ектаў інфраструктуры і магчымыя ахвяры сярод мірнага насельніцтва». Мэта правакацыі, як паведамляе ўкраінская выведка, «стварыць варожую грамадскую думку пра Украіну ў беларускіх грамадзянаў і забяспечыць поўны ўдзел узброеных сілаў краіны ў вайне на баку РФ».

Публікуючы гэтае паведамленне, тэлеграм-канал выведкі Мінабароны Украіны не спасылаецца на нейкія крыніцы інфармацыі. У гэтым жа паведамленні нагадваецца, што «Украіна не вядзе ніякіх ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі».

Тым часам, лідарка АПКБ Святлана Ціханоўская звярнулася да байцоў палку імя Кастуся Каліноўскага з нагоды гадавіны стварэння вайсковага падраздзялення. «У гэты дзень роўна год таму ва Украіне беларусы стварылі батальён імя Кастуся Каліноўскага. І хаця многія абаранялі Украіну яшчэ з 2014 году, менавіта батальён, а цяпер Полк Каліноўскага, стаў сымбалем беларуска-ўкраінскага змагання за свабоду, — гаворыцца ў звароце. — Бо ў нас з украінцамі не толькі — агульны вораг, але і агульнае бачанне будучыні. Мы бачым Беларусь і Украіну нацыянальнымі дэмакратычнымі еўрапейскімі дзяржавамі». Палітык нагадала, што з першых дзён вайны беларускія добраахвотнікі ўдзельнічалі ў самых цяжкіх баях на ключавых участках: Кіеў, Гастомель, Буча, Херсон і Лісічанск.

«А зараз вы абараняеце свабоду Украіны і Беларусі ў самым пекле — у Бахмуце», — адзначыла Ціханоўская.

Беларускае Радыё Рацыя

Array