Вайна ва Украіне: над Кіевам збілі гіпергукавую ракету



437-ы дзень вайны. Украінскім вайскоўцам удалося збіць расейскую гіпергукавую ракету Х-47 «Кінжал».

Пра гэта распавёў камандуючы Паветранымі сіламі Узброеных Сіл генерал-лейтэнант Мікалай Аляшчук, назваўшы «гістарычнай падзеяй»: «Так, мы збілі „Кінжал“, які не мае аналагаў! Гэта адбылося падчас начнога нападу 4 траўня ў небе Кіеўскай вобласці». Ракету выпусціў самалёт МіГ з тэрыторыі Расеі, сказаў Алешчук.

Гіпергукавую ракету ўдалося збіць дзякуючы зенітна-ракетнаму комплексу Patriot. Таксама Аляшчук заклікаў СМІ не публікаваць загадзя інфармацыю, «якой можа скарыстацца вораг», і чакаць афіцыйных паведамленняў ад украінскіх уладаў. Вядома, што ракеты «Кінжал» больш небяспечныя, чым іншыя, таму што здольныя ляцець з гіпергукавай хуткасцю, якая ў 10 разоў вышэй за хуткасць гуку і могуць манеўраваць у палёце. Тым часам, у Ніжнім Ноўгарадзе ўзарваўся аўтамабіль Audi Q7, у якім знаходзіўся расейскі пісьменнік і прапагандыст Захар Прылепін. Паводле папярэдняй інфармацыі, у выніку выбуху машыны загінуў кіроўца пісьменніка, сам Прылепін паранены, яму надаюць медыцынскую дапамогу. «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцы ў экстраных службах паведаміў, што аўтамабіль, у якім знаходзіўся Прылепін, узарваўся падчас руху: «Асноўная версія — падрыў самаробнай выбухной прылады на радыёкіраванні».

Беларускае Радыё Рацыя