Вайна ва Украіне: расейскія салдаты маюць праблемы з заробкам



193-і дзень вайны. Удары ўкраінскай арміі па пантонных пераправах цераз Дняпро сталі штодзённымі. Расейскія рэсурсы прызнаюць, што ўкраінцы пашыраюць стратэгічна важны плацдарм на левым беразе Інгульца каля Андрэеўкі і Лазавога.

Ілюстрацыйнае фота

Украінскае кіраўніцтва ўстрымліваецца ад заяў пра вызваленне тэрыторый, каб не ствараць у грамадстве завышаных чаканняў. Аднак паведамленні расейскіх рэсурсаў паказваюць, што ўкраінскі контрнаступ працягваецца. Прычым, акрамя актыўных дзеянняў на херсонскім кірунку, украінцы канцэнтруюць сілы ў раёне Ізюма і Барвенкава на поўдзень ад Харкава. Расейскія каналы пішуць, што, пачынаючы з 31 жніўня, украінцы прамацваюць абарону расейцаў таксама пад Палагамі Запарожскай вобласці.

Расейскія рэсурсы заклапочаныя таксама сітуацыяй на поўдзень ад Харкава. Многія расейскія блогеры лічаць, што наступ пад Херсонам мае толькі скаваць расейскія сілы і падставіць іх пад удар на неабароненых пераправах цераз Дняпро. На фоне новых правалаў на фронце ў Расеі пачынаюць шукаць вінаватых. Гэтак, множацца нараканні на адсталасць узбраенняў.

Мінабароны Брытаніі піша, што адной з галоўных праблем расейскіх салдат ва Украіне з’яўляецца праблема з заробкам. Цытата: «Расейскія ўзброеныя сілы пастаянна не забяспечваюць базавыя патрэбнасці ваеннаслужачых, дыслакаваных ва Украіне, у тым ліку адпаведную форму, зброю і пайкі, а таксама аплату працы. Гэта амаль напэўна садзейнічала захаванню крохкага маральнага духу большай часткі сіл». На думку брытанскіх ваенных, праблема з аплатай у расейскай арміі, якая ваюе ва Украіне, звязана з «неэфектыўнай ваеннай бюракратыяй, незвычайным прававым статусам »спецыяльнай ваеннай аперацыі« і як мінімум адкрытай карумпаванасцю каманднага складу».

Па дадзеных СМІ, усё больш расейскіх кантрактнікаў адмаўляюцца ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях ва Украіне. Замест таго, каб падпісаць рапарт на звальненне, вайсковае кіраўніцтва адпраўляе «адмоўнікаў» у «лагеры» – ізалятары на тэрыторыі так званых «ЛНР» і «ДНР», дзе з вайскоўцамі праводзяць т.з. «тлумачальную працу». Іх бʼюць, катуюць, не кормяць і сілком адпраўляюць у зону правядзення баявых дзеянняў.

Array