Вайна ва Украіне: расейцы працягнулі абстрэлы Мікалева, Харкава і Нікапаля
158-ы дзень вайны. Ва ўкраінскім Мікалаеве гэтым ранкам зноў прагрымелі магутныя выбухі. Як паведаміў мэр Аляксандр Сянкевіч, пасля новых варожых нападаў у горадзе знішчаны шэраг аб’ектаў, пашкоджаныя жылыя дамы, узніклі пажары. На месцы здарэнняў выехалі выратавальнікі і медыкі. Па ацэнках Сянкевіча, сённяшні абстрэл горада стаў самым моцным за ўвесь час поўнамасштабнай вайны. Паветраная трывога трывала пяць гадзін.

Серыя выбухаў адбылася і ў Харкаве. Як паведаміў мэр Ігар Церахаў, ёсць пашкоджанні некалькіх будынкаў. Мэр Нікапаля Яўген Еўтушэнка таксама паведаміў аб абстрэлах горада. Ён заклікаў мясцовых жыхароў пабыць ва ўкрыццях.
Тым часам украінскія ўлады збіраюцца эвакуяваць з Данецкай вобласці 200 тысяч чалавек. Абавязковую эвакуацыю абвесціла віцэ-прэм’ерка Ірына Верашчук у эфіры тэлемарафону. Яна заявіла, што гаворка ідзе не пра добраахвотную, а менавіта абавязковую эвакуацыю. Верашчук растлумачыла гэта тым, што на тых тэрыторыях вобласці, якія кантралюе Украіна, разбураныя газаправоды, таму ацяпляць гарады і вёскі магчымасці няма. «Цяпла ў рэгіёне ў зімовы перыяд не будзе. Калі чалавек адмаўляецца эвакуявацца, ён павінен будзе падпісаць дакумент, што ён разумее ўсе наступствы і нясе адказнасць за сваё жыццё», — сказала Верашчук.
На думку назіральнікаў, абавязковая эвакуацыя цывільных жыхароў можа быць звязаная з ваеннымі планамі Украіны па татальным абстрэле тэрыторыі ў выпадку далейшага расейскага наступу ў Данецкай вобласці.
Беларускае Радыё Рацыя
Array