Вайна ва Украіне: ёсць параненыя ў палку Каліноўскага



439-ы дзень вайны. Батальёны «Волат» і «Літвін» беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага «працавалі разам на адным з найгарачэйшых кірункаў фронту». Пра гэта паведаміла на брыфінгу афіцыйная прадстаўніца палка Крысціна «Чабор» Станкевіч. «На жаль, у абодвух батальёнах ёсць параненыя. Цяпер іх жыццю нічога не пагражае», — адзначыла яна.

Паводле слоў Станкевіч, палкавое падраздзяленне беспілотных лятальных апаратаў імя Мікіты Крыўцова «займалася маніторынгам перасоўвання ворага і карэктавала агонь па выяўленых цэлях на адной з найгарачэйшых ліній сутыкнення».

«Таксама эфектыўна адпрацавалі пілоты на новых „крылах“ (дронах), якія заляталі непасрэдна ў тыл акупанта, — сказала „Чабор“. — У выніку працы ўжо выяўленыя дзясяткі месцаў захоўвання цяжкой артылерыі, склады і агнявыя пазіцыі ворага. Уся інфармацыя перадаецца ў штаб для планавання далейшых дзеянняў».

«Медычная рота працягвае аказваць бесперапынную падтрымку ўсім баявым падраздзяленням палка. Механізаванае падраздзяленне на мінулым тыдні праводзіла выведку месцаў знаходжання тэхнікі, была эвакуяваная самаходная артылерыйская ўстаноўка. Таксама быў адрамантаваны танк Т-72Б», — дадала прадстаўніца каліноўцаў. Стратаў на мінулым тыдні полк не зазнаў.

Беларускае Радыё Рацыя