Вайна ва Украіне: ЗША вырашылі не перадаваць украінцам беспілотнікі



260-ы дзень вайны. Газета Wall Street Journal паведаміла са спасылкай на інфармаваныя крыніцы, што Адміністрацыя Прэзідэнта ЗША вырашыла не перадаваць Кіеву сучасныя ўдарныя беспілотнікі Gray Eagle MQ-1C — хоць пра гэта неаднаразова прасіла сама Украіна і чальцы амерыканскага Кангрэса, якія яе падтрымліваюць.

Па звестках выдання, Пентагон выступіў супраць паставак, баючыся, што яны могуць прывесці да эскалацыі канфлікту і даць сігнал Маскве, што ЗША даюць Кіеву зброю, здольную наносіць удары па тэрыторыі Расеі. Амерыканцы былі таксама занепакоеныя тым, што беспілотнікі могуць збіць на полі бою, у выніку чаго да суперніка трапяць некаторыя сучасныя тэхналогіі.

Тым часам, брытанскі ўрад замарозіў актывы расейскіх алігархаў і іншых фізычных і юрыдычных асобаў на суму 20,5 мільярда даляраў, якія знаходзяцца пад санкцыямі ў сувязі з поўнамаштабным уварваннем Расеі ва Украіну. «Мы ўвялі самыя суровыя санкцыі супраць Расеі, і гэта разбурае яе ваенную машыну, — цытуе агенцтва Reuters Эндру Грыфіта, дзяржаўнага сакратара міністэрства фінансаў. — Нашае пасланне дакладнае: мы не дазволім Пуціну дабіцца ў гэтай жорсткай вайне».

Беларускае Радыё Рацыя

Array