Валер Кавалеўскі: Час Лукашэнкі прайшоў для Украіны і яго будучага там няма



Кіраўнік Офіса Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі ў размове з вядучым Радыё Рацыя распавёў пра сваю паездку ў Кіеў для адкрыцця беларускага прадстаўніцтва, пра магчымую сустрэчу Ціханоўскай і Зяленскага, а таксама пра думкі дыпламатаў аб будучыні Лукашэнкі для Украіны.

– У Кіеве будзе прадстаўніцтва ад імя Святланы Ціханоўскай, дзе будзе весціся праца ўвогуле па ўсіх пытаннях і адносінах паміж Беларуссю і Украінай. Я маю на ўвазе дэмакратычную Беларусь. Яна (Святлана Ціханоўская – заўв.) прыняла гэта рашэнне ў сакавіку, падчас паездкі ў Кіеў, пасля гэтага стала відавочна, што трэба на сталай аснове, каб увесь час падтрымліваць дыялог і з афіцыйнымі ўладамі, і з экспертамі, і з медыя, і безумоўна падтрымліваць і беларускую дыяспару, якая вельмі шмат зараз робіць па-ранейшаму. Ёсць там пэўны парадак дня і для беларусаў, які вельмі праблематычны і якім трэба займацца. Карацей, вельмі штам працы і спадзяемся, што найбліжэйшымі тыднямі арганізуем там пастаянную прысутнасць.

– Ці становіцца бліжэй і верагодней у перспектыве асабістая сустрэча Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага?

– Ведаеце, для любой дыпламатычнай службы і, калі казаць пра маю працу, то безумоўна гэта дыпламатычная служба, сустрэча кіраўнікоў дзяржаў – адна з найважнейшых мэтаў, яна азначае высокі ўзровень збіжэння, узаемнага даверу, шыраты парадку дня, таму так, калі разглядаць сустрэчу Ціханоўскай і Зяленскага, як такую кульмінацыю працы дыпламатычнай знешнепалітычнай, то гэта заўсёды будзе на парадку дня. Калі мы да гэтага прыйдзем? Думаю, што трэба прайсці пэўную эвалюцыю, трэба замацавацца ў Кіеве, трэба ўсталяваць шырокія адносіны там, на месцы, трэба заваяваць узаемны давер, каб мы змаглі зблізіць пазіцыі, каб мы ведалі да чаго мы імкнемся не толькі на гэтым этапе, але таксама і пачынаць і пра будучыню нашых адносінаў, калі вайна скончыцца.

– Як вы ацэньваеце гэтую асцярожную даволі пазіцыю ў стасунках украінскай улады з рэжымам Лукашэнкі, са Святланай Ціханоўскай? Яны тлумачаць гэта нацыянальнымі інтарэсамі, пэўным прагматызмам, яны не хочуць злаваць Лукашэнку, але відавочна, што такі падыход ужо праваліўся 24 лютага – яны не хацелі злаваць Лукашэнку, але расейскія войскі, самалёты, ракеты ўсё роўна пайшлі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, з поўначы.

– Ведаеце, ёсць розныя меркаванні, усё ж украінскае палітычнае поле неаднароднае. І гэта тое, што ўласціва дэмакратыі: ёсць і Вярхоўная рада, якая больш смела выказваецца, ёсць Міністэрства замежных спраў, якое больш кансерватыўнае ў сваіх выказваннях, ёсць Офіс прэзідэнта, ёсць Рада нацыянальнай бяспекі і абароны і ва ўсіх могуць быць пэўныя нюансы ў пазіцыі, але тая тэмпература, якую мне атрымалася зняць, калі я быў у Кіеве і ў першы, і ў другі раз, і зараз падчас паездкі ў Страсбур у кантактах з украінскімі палітыкамі і дыпламатамі – гэта тое, што Лукашэнка з’яўляецца абсалютна непрымальнай фігурай для адбудавання адносінаў з украінцамі, там усе вельмі добра зразумелі, што адбылося, што гэта здрада, што гэты чалавек абсалютна ненадзейны, што гэты чалавек не мае суб’ектнасці, што ён падначалены Расеі і робіць тое, што ад яго патрабуе Расея, а не тое, што ад яго патрабуе беларускі народ. Таму я б не стаў рабіць выказванні аднаго важнага прадстаўніка Адміністрацыі такім законам, які ўжо падпісаны і будзе выконвацца. Акрамя таго, трэба разумець, што вайна яшчэ не скончылася і як яна скончыцца – яшчэ пытанне. Яшчэ шмат чаго трэба будзе зрабіць і адваяваць гэтую свабоду ўкраінскую. Вынікі і стан Украіны, нашага рэгіёна і Расеі, канешне, будуць шмат што азначаць для тых раскладаў, што нас чакаюць наперадзе. Тое, што я пачуў ад украінцаў – экспертаў, урадоўцаў, журналістаў, шэраговых людзей – тое, што час Лукашэнкі прайшоў для Украіны і яго будучага там няма.

Цалкам размову можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя

Array