Валерый Карбалевіч: Лукашэнка не да канца разумее сур’ёзнасць сітуацыі з ядзернай зброяй у Беларусі



У нашым эфіры пабываў палітычны аглядальнік і публіцыст Валерый Карбалевіч.

РР: Хацелася б пачаць з таго, што публікаваў у твітары экс-удзельнік прэзідэнцкай кампаніі 2020 году Валерый Цапкала. Гэты твіт набраў болей чым 3 мільёна праглядаў. Я маю на ўвазе інфармацыю пра нібыта крытычны стан Лукашэнкі. Наколькі гэта сур’ёзна? Наколькі гэта можна ацэньваць і рабіць з гэтага высновы?

– Калі вы чакаеце ад мяне нейкай інсайдарскай інфармацыі, то ў мяне яе няма, таму каментаваць нешта тут цяжка. Хачу заўважць, што «Пул Першага» – гэта тг-канал прэс-службы Лукашэнкі – паведаміў, што Лукашэнка на самалёце вярнуўся ў Менск у пятніцу а 21-й гадзіне. Гэта адзіная афіцыйная інфармацыя, якая ёсць. Усё астатняе – нейкія чуткі, таму не магу каментаваць гэтага.

РР: Зразумела. Проста дзеля чаго гэта робіцца? Дзеля нейкага хайпу, нагнятання абстаноўкі, ці Цапкала пераследвае нейкія асабістыя мэты?

– Мне цяжка каментаваць гэту сітуацыю, калі невядома, што адбываецца насамрэч.

РР: Так, асабліва калі ўся інфармацыя непацверджаная і неафіцыйная. Прапаную пераключыцца на тэму, якая стала магістральнай на гэтым тыдні. Наконт размяшчэння Расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Што ўвогуле можна сказаць пра чалавека, які лічыць сябе прэзідэнтам краіны, калі ён не можа адказаць на пытанне: «ужо завозіцца да вас расейская ядзерная зброя ці не? Яна ўжо размяшчаецца ці не?» Ён толькі паціскае плячыма і кажа: «прыеду і дазнаюся». Як гэта характарызуе такога кіраўніка?

– Найперш гэта вялізны пракол з пункту гледжання піяру самага Лукашэнкі, які, мне падаецца, не да канца разумее гэтую сітуацыю, і кажа тое, што на ягоным месцы не варта было б казаць, нават калі гэта насамрэч так. То бок ён паведаміў, што Пуцін яму сказаў, што ён падпісаў адпаведны ўказ аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі. То бок ён ад Пуціна даведаўся, што на тэрыторыі краіны ўжо пачаўся працэс практычнай рэалізацыі гэтага рашэння. А потым сапраўды на пытанне „завязлі ці не завязлі?” ён адказаў – магчыма, прыеду і даведаюся. Бачыце, з самага пачатку было ўражанне, што Лукашэнка не узрадаваўся гэтаму рашэнню, таму што калі 25 сакавіка Пуцін абʼявіў аб тым, што ён прыняў рашэнне размясціць на тэрыторыі Беларусі ядзерную зброю, Лукашэнка некалькі дзён маўчаў, ніяк не каментаваў. І толькі выступаючы з пасланнем, ён вельмі коратка пра гэта ўзгадаў. А калі яму пачалі задаваць пытанні, ён неахвотна на іх адказваў. Склалася ўражанне, што для яго гэта нечакана і непрыемна.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя