Вальфовіч: чальцам «Народнага апалчэння» выдадуць стралковую зброю



Фармаваць народнае апалчэнне будуць мясцовыя органы ўлады, а кіраваць атрадамі — аддзяленні ўнутраных спраў. Задачы апалчэння ў выпадку ваеннага становішча — «абарона парадку, барацьба з бандытызмам і марадзёрствам, дыверсійна-выведвальнымі групамі».

Старшыня Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч у этэры «Беларусь 1» расказаў, як будзе разбудавана так званае «Народнае апалчэнне», праект аб якім днямі абмяркоўвалі з удзелам Лукашэнкі.

«Ім будзе выдадзена стралковая зброя. Зброя будзе захоўвацца пры іх. Жыць яны будуць і харчавацца дома», — сказаў Вальфовіч.

Прымаць рашэнне аб тым, каго браць у апалчэнне, будуць кіраўнікі мясцовай улады: старшыні абласных, раённых выканкамаў і гэтак далей. У іх будзе «шырокае поле магчымасцяў» у прыняцці рашэння аб тым, ці можна выдаваць чалавеку зброю. Паводле яго, у гэтае апалчэнне будуць браць і жанчын, калі яны будуць адпавядаць патрабаванням, паведамляе svaboda.org.

Звальняцца з працы для нясення службы ў апалчэнні не патрабуецца, але па рашэнні мясцовага кіраўніка яны будуць на нейкі час вызваляцца ад працы для выканання абавязкаў у дружынах. Заробак пры гэтым будзе захоўвацца.

Пры гэтым служба ў апалчэнні не вызваляе грамадзяніна ад вайсковай службы: пры неабходнасці тыя, хто да яе прыдатны, могуць быць мабілізаваныя і ў войска.

Array