Вета літоўскага прэзідэнта можна пераадолець – дарадца Ціханоўскай



Сёння прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа наклаў вета на закон аб увядзенні абмежавальных мераў у дачыненні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны, які быў прыняты літоўскім Сеймам у двух чытаннях з мяккімі фармулёўкамі ў дачыненні да беларусаў.

Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр расказала, якія наступныя крокі будзе рабіць Офіс Ціханоўскай, каб законапраект аб увядзенні абмежавальных мераў у дачыненні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны захаваў мяккія фармулёўкі ў дачыненні да беларусаў, нягледзячы на вета.

Вельмі важным з’яўляецца грамадскі ўдзел. Варта камунікаваць з дэпутатамі Сейма і пераконваць іх прагаласаваць за мяккі варыянт законапраекта.

„Мы працуем з дэпутатамі Сейма і тлумачым, што ўвядзенне больш жорсткіх абмежаванняў у дачыненні да беларусаў непрымальнае», — заявіла Крысціна Рыхтэр.

Таксама сёння з адмысловай заявай з гэтай нагоды выступіла і сама Святлана Ціханоўская. Яна, у прыватнасці, сказала: «Я перакананая, што нельга ставіць у адзін шэраг беларусаў і памагатых рэжыму, і нельга караць беларусаў за дзеянні рэжыму”.

Беларускае Радыё Рацыя